На пасяджэнні прысутнічалі намеснікі дэканаў факультэтаў і намеснікі дырэктараў інстытутаў па вучэбнай рабоце, загадчыкі кафедраў, прадстаўнікі студэнцкага актыву і грамадскіх арганізацый.
З дакладам выступіла начальнік Цэнтра развіцця інфармацыйных тэхналогій Аксана Анатольеўна Мініч. Яна падкрэсліла, што ў рамках выканання мэтавых паказчыкаў Канцэпцыі ў 2015−2018 гадах істотна палепшана матэрыяльна-тэхнічная інфраструктура ўніверсітэта, укаранёны новыя электронныя сэрвісы, базы дадзеных, ліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне для распрацоўкі электронных адукацыйных рэсурсаў. Ажыццёўлена аб’яднанне сегментаў лакальна-вылічальнай сеткі ўсіх карпусоў і інтэрнатаў універсітэта з выкарыстаннем валаконна-аптычных ліній перадачы дадзеных з высокай прапускной здольнасцю. Увод у эксплуатацыю пяці новых сервераў рознай магутнасці, а таксама сеткавага абсталявання дазволіў павысіць вылічальную магутнасць на 25%.
У два разы павялічана колькасць кропак Wi-Fi, што дазволіла дасягнуць 50-працэнтнага ахопу бесправадной сеткай вучэбных карпусоў БДПУ і даць студэнтам і выкладчыкам магчымасць выхаду ў інтэрнэт, а таксама доступ да электронных адукацыйных рэсурсаў БДПУ з мабільных прылад. Больш за 270 вучэбных аўдыторый, кабінетаў падключаны да лакальнай вылічальнай сеткі, іх колькасць працягвае павялічвацца.
Мадэрнізацыя сервернага і сеткавага абсталявання, па словах А.А.Мініч, дазволіла істотна палепшыць якасць падключэння да інтэрнэту і забяспечыць правядзенне на пастаяннай аснове розных анлайн-мерапрыемстваў (вебінараў, анлайн-канферэнцый, трансляцый у прамым эфіры). З 2016 г. паспяхова ўкараняецца сістэма анлайн-вяшчання на канале YouTube, дзе праведзена 47 анлайн-трансляцый. У 2018 г. дзякуючы праведзенай працы студэнцкага тэлебачання колькасць падпісчыкаў на канале ў параўнанні з 2015 г. вырасла ў 4,5 разы. У ходзе рэалізацыі праекта па фарміраванні фонду лепшых лекцый вядучых педагогаў БДПУ “Залатая лекцыя БДПУ” зманціраваны 50 лекцый, якія папоўнілі калекцыю відэарэпазіторыя ўніверсітэта. Агульная колькасць дакументаў у рэпазіторыі БДПУ ў 2018 г. склала больш за 30 000 адзінак, што ў 5 разоў перавысіла планавыя паказчыкі.
Павялічана колькасць вучэбных дысцыплін, забяспечаных ЭВМК або дыстанцыйнымі курсамі. Усяго да 2018 г. у СДН Moodle распрацавана каля 450 курсаў, што ў 10 разоў больш у параўнанні з 2015 г.
На працягу трох гадоў паспяхова ўкараняецца сістэма электроннага дакументазвароту «Справа-вэб», што дазволіла да 2018 г. давесці долю электронных дакументаў у агульным ўнутраным дакументазвароце БДПУ да 88% і істотна пераўзысці мэтавыя паказчыкі Канцэпцыі.
Распрацоўка новага інтэрнэт-партала БДПУ, развіццё розных электронных сэрвісаў дазволілі палепшыць пазіцыі ўніверсітэта ў сусветных рэйтынгах (Webometrics − 9 месца сярод ВНУ краіны, UniRank − 7 месца сярод беларускіх ВНУ, RankPro − 298 пазіцыя ў Еўропе).
Інструментам для павышэння рэйтынгу ўніверсітэта з'яўляюцца рэсурсы Wikipedia, профілі ППС факультэтаў і інстытутаў у Google Scholar. Пры гэтым 70% ад усёй колькасці штатных выкладчыкаў маюць свой профіль у Google Scholar, аднак толькі 3% прадстаўлены ў навуковых сацыяльных сетках Wikipedia і Researcher.
Загадчык кафедры геаграфіі і методыкі выкладання геаграфіі факультэта прыродазнаўства Ганна Валянцінаўна Таранчук пазнаёміла членаў савета з вопытам працы кафедры па падрыхтоўцы электронных вучэбна-метадычных комплексаў і дыстанцыйных курсаў. Г.В. Таранчук прапанавала арганізацыю дыстанцыйнага ўзаемадзеяння са студэнтамі і распрацоўку дыстанцыйных курсаў уключыць у нормы разліку гадзін ПВС.
Ксенія Цішэвіч, старшыня мастацкага савета студэнцкага тэлебачання БДПУ, расказала пра рэалізацыю разнастайных творчых і інфармацыйных праектаў у межах «СтудTВ» БДПУ. Яна адзначыла, што студэнцкае тэлебачанне адкрыта для крэатыўных прапаноў, і запрасіла да супрацоўніцтва ўсе факультэты і інстытуты ўніверсітэта.
Падагульняючы выступленні, Аляксандр Іванавіч Жук адзначыў, што асноўнай мэтай інфарматызацыі БДПУ з'яўляецца стварэнне для навучэнцаў роўных магчымасцей атрымання якасных адукацыйных паслуг на ўзроўні сучасных патрабаванняў нацыянальных і міжнародных стандартаў незалежна ад месца пражывання і навучання з выкарыстаннем сучасных ІКТ. На думку рэктара, інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе ўніверсітэта развіваецца дастаткова дынамічна, з улікам сучасных міжнародных тэндэнцый, а рэалізацыя Канцэпцыі інфарматызацыі дае рэальныя вынікі.
Разам з тым рэктар падкрэсліў, што для паўнавартаснага ажыццяўлення Канцэпцыі патрабуецца вырашыць шэраг праблем. Так, неабходна ліквідаваць канцэптуальную, структурную адасобленасць у арганізацыі электроннага навучання ў БДПУ паміж рознымі падраздзяленнямі ўніверсітэта. Назіраецца нізкая загружанасць мультымедыйных аўдыторый і камп’ютарных класаў, адсутнічае адзіная сістэма ўліку і кантролю за іх выкарыстаннем як на ўзроўні факультэтаў, так і на ўзроўні ўніверсітэта. Недастаткова задзейнічаны магчымасці дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій для распрацоўкі і рэалізацыі індывідуальных адукацыйных праграм і масавых адукацыйных анлайн-курсаў.
Па выніках абмеркавання пытання была прынята пастанова Савета ўніверсітэта, у якой вызначаны канкрэтныя задачы па далейшым удасканаленні працэсу інфарматызацыі БДПУ. Поўны тэкст пастановы будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.