На пасяджэнні прысутнічалі намеснікі дырэктараў інстытутаў па навукова-метадычнай рабоце, намеснікі дэканаў факультэтаў па навуковай рабоце, загадчыкі кафедраў, кіраўнікі СНДЛ, прадстаўнікі студэнцкага актыву і грамадскіх арганізацый.
З асноўным дакладам выступіў дырэктар Інстытута псіхалогіі Дзмітрый Рыгоравіч Дзьякаў. Ён адзначыў, што навукова-даследчая, эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць Інстытута псіхалогіі накіравана на якасную падрыхтоўку студэнтаў.
У Інстытуце на пастаяннай аснове працуюць 49 штатных супрацоўнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу, з іх 22 маюць вучоную ступень кандыдата навук, 1 – вучоную ступень доктара навук. Доля выкладчыкаў з вучонай ступенню складае 45%, што адпавядае патрабаванням, якія прад’яўляюцца да ўстаноў вышэйшай адукацыі.
Прафесарска-выкладчыцкі склад Інстытута псіхалогіі ажыццяўляе навуковае кіраўніцтва і прымае ўдзел у рэалізацыі навуковых праграм рознага ўзроўню: Дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, грантаў БРФФД, галіновых навукова-тэхнічных праграм, тэм навукова-даследчай работы па забеспячэнні дзейнасці Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, навуковых даследаванняў у рамках рэалізацыі міжнародных праектаў. Супрацоўнікі Інстытута псіхалогіі прымаюць удзел у рэалізацыі праектаў эксперыментальнага і інавацыйнага характару, якія выконваюцца для патрэб Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Вынікі навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці ўкаранёны ў адукацыйны працэс БДПУ, устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, што пацвярджаецца актамі аб укараненні. Перспектыўным з’яўляецца развіццё ўзаемадзеяння з вядучымі замежнымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі: рэалізацыя сумесных навуковых даследаванняў, міжнародных праектаў, акадэмічнага абмену выкладчыкамі і студэнтамі. Стымулам для развіцця навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці супрацоўнікаў Інстытута псіхалогіі выступаюць навуковыя стажыроўкі.
Супрацоўнікі Інстытута псіхалогіі ў перыяд з 2016 г. да 2018 г. прымалі ўдзел, а таксама працягваюць удзельнічаць у выкананні навуковых праграм рознага ўзроўню: Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў «Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства», галіновых навукова-тэхнічных праграм «Выхаванне праз навучанне» і «Якасць адукацыі», грантаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, БРФФД і РФФД, Міністэрства адукацыі.
Ажыццяўляецца мэтанакіраваная праца па прыцягненні фінансавання для выканання тэм навукова-даследчай работы, а таксама грантавай падтрымкі даследаванняў студэнтаў, аспірантаў, дактарантаў і маладых вучоных у галіне псіхолага-педагагічных навук. Агульны аб’ём фінансавання навуковых даследаванняў, праведзеных з удзелам работнікаў Інстытута псіхалогіі ў 2016–2019 гг., склаў амаль 170 тыс. руб.
Істотна павысілася публікацыйная актыўнасць прафесарска-выкладчыцкага складу. У выданнях, зарэгістраваных у базах Scopus і Web of Science, былі апублікаваны 12 артыкулаў, падрыхтаваных работнікамі Інстытута псіхалогіі. Вынікі навуковых даследаванняў былі прадстаўлены на 6 міжнародных навукова-практычных канферэнцыях і 8 міжнародных семінарах, якія прайшлі на базе Інстытута псіхалогіі ў 2016–2018 гг.
Д.Р. Дзьякаў звярнуў увагу, што ў Інстытуце значная ўвага надаецца падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі. За апошнія 4 гады адбыліся абароны дысертацый на атрыманне вучонай ступені кандыдата навук чатырох супрацоўнікаў Інстытута псіхалогіі. У аспірантуры навучаюцца 20 аспірантаў і 3 саіскальнікі. З іх 9 чалавек навучаюцца для забеспячэння патрэб БДПУ ў кадрах вышэйшай кваліфікацыі, астатнія – па запытах іншых устаноў адукацыі і арганізацый.
Навукова-даследчая работа студэнтаў арганізуецца ў Інстытуце ў рамках дзейнасці студэнцкага навуковага таварыства, студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый. У 2016–2018 гг. абноўлены склад СНТ, колькасць СНДЛ павялічылася да з 4 да 5, праблемнае поле даследаванняў прыведзена ў адпаведнасць з напрамкамі даследаванняў кафедраў Інстытута псіхалогіі.
Члены СНТ і СНДЛ прымаюць актыўны ўдзел у конкурсах грантаў (з 2016 г. да 2019 г. выконваюцца 5 грантаў), дэманструюць высокі ўзровень публікацыйнай актыўнасці, публікуючы вынікі даследаванняў не толькі ў зборніках канферэнцый, але і ў часопісах, рэкамендаваных ВАК для публікацыі матэрыялаў дысертацыйных даследаванняў.
Студэнты Інстытута псіхалогіі з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі Рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх навуковых работ: у 2016–2018 гг. 24 з іх атрымалі прызавыя катэгорыі, у тым ліку 2 выпускнікі сталі лаўрэатамі конкурсу.
Загадчык навукова-адукацыйнай лабараторыі псіхалогіі пазнавальных працэсаў Інстытута псіхалогіі Наталля Дзмітрыеўна Карчалава паведаміла пра перспектывы інтэграцыі навуковай, адукацыйнай і інавацыйнай дзейнасці на вопыце навукова-даследчых работ навукова-адукацыйнай лабараторыяй псіхалогіі пазнавальных працэсаў Інстытута псіхалогіі.
Выступленне загадчыка кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі Наталлі Леанідаўны Пузырэвіч было прысвечана вынікам і перспектывам дзейнасці студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі інстытута псіхалогіі БДПУ «Рызыкоўныя паводзіны сучаснай моладзі: небяспека і магчымасці».
Магістрант Інстытута псіхалогіі Таццяна Колас падзялілася сваім поглядам на развіццё студэнцкай навукі ў Інстытуце псіхалогіі. Т.Колас адзначыла, што навучанне ў БДПУ – гэта не толькі лекцыі і семінары, але і магчымасць праводзіць навуковыя даследаванні, удзельнічаць у псіхалагічных трэнінгах, кансультацыях, выязных занятках і майстар-класах. Інстытут псіхалогіі дае магчымасць студэнтам выйсці за рамкі адукацыйнай праграмы і дадаткова наведваць навуковыя семінары і розныя навучальныя праграмы. Пры гэтым, нягледзячы на высокі ўзровень выкладання і практычнасць, дадзеныя курсы захоўваюць навуковую глыбіню і даступнасць для студэнтаў. Асобнай увагі заслугоўваюць фестывалі майстар-класаў. Гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з найбольш запатрабаванымі і эфектыўнымі метадамі псіхалагічнай дапамогі, разабрацца з навуковымі канцэпцыямі, якія ляжаць у іх аснове.
Дэкан факультэта пачатковай адукацыі Наталля Уладзіміраўна Ждановіч, старшыня рабочай групы па падрыхтоўцы пытання, паведаміла пра арганізацыю і вынікі навукова-даследчай, эксперыментальнай і інавацыйнай работы ў Інстытуце псіхалогіі. На яе думку, прафесарска-выкладчыцкі склад Інстытута здольны забяспечваць навучальны працэс і весці навуковую працу на належным узроўні. Тэматыка дысертацыйных даследаванняў адпавядае прыярытэтным кірункам развіцця эканамічнай і сацыяльнай сфер Беларусі. У той жа час выніковасць работы па падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі мае патрэбу ў паляпшэнні. Н.У.Ждановіч прапанавала ўзмацніць працу, звязаную з прыцягненнем дадатковай увагі студэнтаў да навукова-даследчай работы шляхам актыўнага асвятлення вынікаў НДРС у СМІ з выкарыстаннем рэсурсаў мас-медыя, з павелічэннем колькасці навуковых мерапрыемстваў для развіцця НДРС, з камерцыялізацыяй навуковых распрацовак студэнтаў.
Падводзячы вынікі абмеркавання пытання, рэктар А.І. Жук падкрэсліў планамернасць і сістэмнасць у арганізацыі навукова-даследчай, інавацыйнай і эксперыментальнай работы ў Інстытуце псіхалогіі. Разам з тым было адзначана, што маюцца патэнцыйныя магчымасці для яе далейшага ўдасканалення. Існуе недахоп даследаванняў, якія б праводзіліся з улікам спецыфікі розных псіха-ўзроставых асаблівасцей навучэнцаў. Неабходна павысіць эфектыўнасць падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі ў аспірантуры і дактарантуры, актывізаваць прыцягненне замежных аспірантаў.
У прынятым рашэнні Савета вызначаны канкрэтныя задачы, накіраваныя на далейшае ўдасканаленне навукова-даследчай, інавацыйнай і эксперыментальнай працы ў БДПУ. Поўны тэкст пастановы Савета будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.