На пасяджэнні з дакладам выступіў рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук. Дакладчык адзначыў, што асноўнымі напрамкамі фінансава-эканамічнай і гаспадарчай дзейнасці ўніверсітэта ў 2016-2020 гг. з’яўляліся: забеспячэнне эфектыўнага выкарыстання сродкаў, якія накіроўваюцца на адукацыю; фінансавая і сацыяльная падтрымка супрацоўнікаў і навучэнцаў; умацаванне вучэбна-матэрыяльнай базы; павелічэнне аб’ёмаў пазабюджэтнай дзейнасці ВНУ на аснове дыверсіфікацыі яе відаў; нарошчванне экспарту адукацыйных паслуг.
Агульны бюджэт універсітэта фарміраваўся на аснове бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў. За апошнія пяць гадоў агульны аб’ём фінансавання склаў 152,2 млн. руб. Асноўныя сродкі бюджэту накіроўваліся на забеспячэнне сацыяльна-абароненых пазіцый: заработная плата – 58%; стыпендыі і сацыяльныя выплаты – 21%; камунальныя плацяжы – 9,6%; аплата кіраўнікоў педагагічнай практыкі – 9%; капітальныя выдаткі – 2,4%.
На працягу 5 гадоў у БДПУ адзначаецца рост абсалютных значэнняў фонду заработнай платы як па агульным гадавым фондзе ўніверсітэта, так і па паказчыках сярэдняй зарплаты на аднаго работніка. Сярод 21 ВНУ Беларусі БДПУ стабільна займае 6–8-е месца па паказчыку сярэднямесячнай заработнай платы.
У агульным аб’ёме ўсіх выдаткаў за 5 гадоў выдаткі на заработную плату склалі амаль 60% (з іх палова − з уласных сродкаў універсітэта). Гэта стала магчымым дзякуючы павелічэнню даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці.
Сярэдні заробак ва ўніверсітэце вырас амаль на 70% (у 2016 г. – 655 руб., у 2020 г. – 1102 руб., у снежні 2020 г. – 1514,5 руб.). Павелічэнне заработнай платы закранула ўсе катэгорыі работнікаў, у тым ліку ППС – на 76%, іншага персаналу – на 55%.
Рэктаратам надаецца вялікая ўвага стымуляванню якасці працы работнікаў. Штомесяц працоўнаму калектыву выплачваецца прэмія (за 2016–2020 гг. у сярэднім кожны работнік атрымаў больш за 11 тыс. руб.), а таксама дадатковая прэмія да Дня настаўніка, Дня ўніверсітэта, Новага года, 23 лютага, 8 Сакавіка, па выніках навучальнага года. Кожны супрацоўнік за 5 гадоў атрымаў 2 тыс. руб. у якасці матэрыяльнай дапамогі.
На выплату стыпендый было накіравана 16,2 млн. руб. Паказчык забяспечанасці стыпендыяй вырас з 81,4% у 2016 г. да 90,1% у 2020 г. Удзельная вага студэнтаў з сярэднімі баламі 8–10 у 2016 г. складала 21% ад агульнай колькасці стыпендыятаў, у 2020 г. – ужо 37%.
Надбаўку да стыпендыі за асаблівыя поспехі ў вучобе, навуковай і грамадскай працы штомесяц атрымліваюць больш за 300 студэнтаў. Каля 800 актыўных студэнтаў універсітэта атрымліваюць прэмію з пазабюджэтных сродкаў (больш за 160 тыс. руб. за 5 гадоў). На матэрыяльную дапамогу выдаткавана больш за 7,5 тыс. руб.
За акрэслены перыяд 27 аспірантаў з’яўляліся стыпендыятамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і атрымлівалі стыпендыю на 45% вышэйшую за звычайную.
У эканамічнай сітуацыі, калі бюджэтнага фінансавання недастаткова для пакрыцця выдаткаў, звязаных з інавацыйным, апераджальным развіццём універсітэта, ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі на рынку адукацыйных паслуг функцыянаванне БДПУ забяспечваецца таксама за кошт сродкаў з пазабюджэтных крыніц.
За апошнія 5 гадоў вырасла колькасць навучэнцаў па адукацыйных праграмах павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі, стажыроўкі, разнапланавых навучальных курсаў. У выніку сумарны даход з 2016 г. да 2019 г. павысіўся амаль у тры разы.
На працягу ўсіх 5 гадоў паспяхова выконваліся паказчыкі па экспарце адукацыйных і турыстычных паслуг (з 2016 г. даходы выраслі больш чым у 2 разы). У 2020 г. БДПУ заняў 3-е месца сярод ВНУ Беларусі па экспарце адукацыйных паслуг.
У 2,8 разы выраслі даходы ад аказання фізкультурна-аздараўленчых платных паслуг. Вучэбна-выдавецкі цэнтр за 5 гадоў павялічыў прыбыткі амаль у 2 разы. У 2,7 разы выраслі даходы ад рознічнага гандлю. Даходы ад працы гасцініцы «Універсітэцкая» пры ІПКіП склалі амаль 15% ад іншых даходаў.
Даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці і прыбытак накіроўваліся на павышэнне зацікаўленасці работнікаў у выніках працы за кошт дадатковага прэміравання і аказання матэрыяльнай падтрымкі супрацоўнікам.
На капітальны рамонт выдаткавана больш за 3,3 млн. руб., у тым ліку амаль 2 млн. руб. пазабюджэтных сродкаў (60% ад агульнага аб’ёму фінансавання). Бягучы рамонт таксама праводзіўся пераважна за кошт даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці універсітэта (72% ад агульнага аб’ёму выдаткаў).
На працягу пяцігодкі ў планамерным парадку праводзіліся работы па абнаўленні аўдыторнага і жылога фонду, мадэрнізацыя абсталявання, закупка офіснай і аўдыторнай мэблі, аргтэхнікі, мультымедыйнага абсталявання і іншае.
А. І. Жук адзначыў, што ў сітуацыі, калі бюджэтнае фінансаванне не пакрывае выдаткі, звязаныя з забеспячэннем вучэбнага працэсу і гаспадарчых патрэб, вырашальнае значэнне набывае пашырэнне пазабюджэтнай дзейнасці па ўсіх напрамках, у тым ліку экспартных паслуг.
На пасяджэнні былі вызначаны асноўныя напрамкі развіцця БДПУ на 2021−2025 г. і акрэслены шляхі пашырэння фінансава-эканамічнай дзейнасці, якія з’яўляюцца асновай для іх рэалізацыі:
павышэнне якасці адукацыйнага працэсу, эфектыўнасці практыка-арыентаванай падрыхтоўкі і развіццё сувязяў з арганізацыямі-заказчыкамі кадраў;
трансфармацыя адукацыйнага працэсу ва ўмовах пераходу да лічбавай эканомікі;
устойлівае развіццё навуковай і інавацыйнай дзейнасці ўніверсітэта шляхам забеспячэння эфектыўнай інтэграцыі адукацыі і навукі;
інтэграцыя БДПУ ў міжнародную навукова-адукацыйную прастору і павышэнне яго канкурэнтаздольнасці;
развіццё патэнцыялу студэнцкай моладзі і яе актыўнае ўключэнне ў грамадскае жыццё;
развіццё рэсурснага патэнцыялу.
На пасяджэнні былі сфармуляваны канкрэтныя даручэнні прарэктарам, дырэктарам інстытутаў і дэканам факультэтаў, кіраўнікам структурных падраздзяленняў, звязаныя з выкананнем штогадовых планавых паказчыкаў па рэалізацыі дадатковых платных паслуг на 2021–2025 гг. на аснове іх дыверсіфікацыі і эфектыўнага выкарыстання матэрыяльна-тэхнічных і кадравых рэсурсаў універсітэта.
Па выніках абмеркавання прынята пастанова Савета ўніверсітэта, поўны тэкст якой будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні БДПУ.