На пасяджэнні прысутнічалі намеснікі дэканаў факультэтаў і дырэктараў інстытутаў па выхаваўчай рабоце, старшыні студэнцкіх саветаў, прафсаюзныя лідары сакратары БРСМ факультэтаў і інстытутаў, старшыні студэнцкіх саветаў інтэрнатаў БДПУ, прадстаўнікі Савета зямляцтваў, найбольш актыўныя старасты вучэбных груп, цьютары і актывісты-валанцёры, а таксама прадстаўнікі Green Office BSPU.
У пачатку пасяджэння А.І. Жук адзначыў, што студэнцкае самакіраванне ва ўніверсітэце ўяўляе сабой устойлівую шматузроўневую сістэму. У БДПУ наладжана ўзаемадзеянне паміж рэктаратам, адміністрацыяй факультэтаў і інстытутаў, структурнымі падраздзяленнямі, органамі студэнцкага самакіравання і маладзёжнымі грамадскімі арганізацыямі. Рэктар звярнуў увагу, што прадстаўнікі студэнцкага савета, актывісты, старасты груп уваходзяць у склад Савета БДПУ, рэктарата, саветаў факультэтаў, грамадскіх камісій і іншых калегіяльных органаў, прымаюць актыўны ўдзел у разглядзе актуальных пытанняў жыццядзейнасці ўніверсітэта.
З асноўным дакладам выступіла першы прарэктар Святлана Іванаўна Копцева. Яна адзначыла, што студэнцкае самакіраванне ў БДПУ прадстаўлена грамадскімі арганізацыямі (ПА БРСМ, Пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў) і калегіяльнымі студэнцкімі органамі (Студэнцкі савет, Студэнцкае навуковае таварыства, Студэнцкі савет інтэрнатаў, студэнцкія саветы факультэтаў і інстытутаў, валанцёрскія аб’яднання, творчыя і спартыўныя клубныя фарміраванні, студэнцкія педагагічныя атрады, туркменскае зямляцтва).
Удзел студэнтаў у дзейнасці органаў студэнцкага самакіравання і грамадскіх арганізацый аказвае значны ўплыў на асобаснае і прафесійнае станаўленне будучых педагогаў.
Важную ролю ў станаўленні грамадзянскай пазіцыі, развіцці асобасных якасцей будучых педагогаў адыгрываюць самыя масавыя грамадскія арганізацыі ўніверсітэта − ПА БРСМ і Пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў.
Студэнцкае самакіраванне ў БДПУ развіваецца па трох асноўных напрамках: вучэбна-прафесійным, навукова-даследчым і пазавучэбным.
Дзейнасць студэнцкіх арганізацый і органаў студэнцкага самакіравання істотна садзейнічае павышэнню якасці адукацыі ў БДПУ. З верасня 2015 года ва ўніверсітэце ўведзена сістэма студэнцкага цьютарства. У 2019/2020 навучальным годзе на факультэтах і ў інстытутах 216 цьютараў аказваюць дапамогу ў засваенні вучэбных дысцыплін студэнтам малодшых курсаў, студэнтам з недастатковай паспяховасцю, у тым ліку замежным грамадзянам. Важную функцыю ў вырашэнні пытанняў арганізацыі вучэбнай дзейнасці, падтрыманні вучэбнай дысцыпліны, кансалідацыі студэнцкага калектыву выконваюць старасты вучэбных груп.
Значную ролю ў арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці ва ўніверсітэце займае Студэнцкае навуковае таварыства, якое аб’ядноўвае больш за 700 чалавек.
Адным з важных напрамкаў дзейнасці грамадскіх арганізацый і органаў студэнцкага самакіравання з’яўляецца арганізацыя пазавучэбнай дзейнасці студэнтаў, прыцягванне студэнтаў да сацыяльна значнай і праектнай дзейнасці. За апошнія 2 гады Студэнцкім саветам рэалізаваны новыя разнапланавыя праекты: інтэлектуальна-творчы квэст «Шляхам вагантаў», конкурс прыгажосці, грацыі і артыстычнага майстэрства «Міс БДПУ», конкурс на лепшы студэнцкі савет «Залаты джокер», прафарыентацыйны праект «Вучыцеся з намі, вучыцеся ў нас», серыя інтэлектуальных гульняў «Мудрая сава БДПУ», конкурс на лепшую студэнцкую групу першакурснікаў «Першыя на першым». Многія праекты рэалізуюцца студэнцкім актывам у цесным узаемадзеянні з кафедрамі факультэтаў і інстытутаў («Дзень ураджаю», «Мудры філін», «Дэльфійскія гульні», «Інклюзіўны канцэрт», «Гуляй, танцуй – рабі дабро», «Метамарфозы» і інш.). Паспяховай пляцоўкай для раскрыцця лідарскага патэнцыялу і арганізацыі карпаратыўнага навучання студэнцкіх лідараў з’яўляюцца штогадовыя практыка-арыентаваныя навучальныя семінары студэнцкага актыву.
У якасці адной з формаў студэнцкага самакіравання ва ўніверсітэце дзейнічаюць валанцёрскія клубы і аб’яднанні. Больш за 1500 студэнтаў уключаны ў валанцёрскую дзейнасць. З мэтай каардынацыі валанцёраў у 2019 г. у БДПУ створаны Валанцёрскі цэнтр.
Асаблівае развіццё атрымала спартыўнае і экалагічнае валанцёрства. У перыяд правядзення II Еўрапейскіх гульняў (2019 г.) было задзейнічана 406 студэнтаў-валанцёраў. У 2017 г. на базе факультэта прыродазнаўства была створана маладзёжная валанцёрская арганізацыя Green Office BSPU, дзейнасць якой накіравана на развіццё экалагічнай культуры моладзі і рэалізацыю на базе БДПУ канцэпцыі «Устойлівы ўніверсітэт».
Важным фактарам фарміравання прафесійных кампетэнцый з’яўляюцца студэнцкія педагагічныя атрады, у дзейнасць якіх уключана больш за 370 студэнтаў. Развіццё сеткі клубных фарміраванняў і аб’яднанняў па інтарэсах, спартыўных секцый, дзе кіраўнікамі з’яўляюцца самі студэнты, спрыяе самарэалізацыі маладых людзей, станаўленню іх асобаснай пазіцыі, выпрацоўцы важных педагагічных якасцей.
С.І. Копцева адзначыла, што ёсць рэзервы для далейшага ўзмацнення ролі грамадскіх маладзёжных арганізацый і органаў студэнцкага самакіравання ў прафесійным і асобасным станаўленні будучых спецыялістаў. Неабходна ўзмацніць ступень удзелу органаў студэнцкага самакіравання ў вучэбнай дзейнасці, у абмеркаванні вучэбных планаў і праграм, курсаў па выбары, ацэнцы якасці выкладання ва ўніверсітэце. Грамадскім маладзёжным арганізацыям неабходна актывізаваць работу вучэбных камісій па павышэнні якасці вучэбнага працэсу факультэтаў і інстытутаў. Наспела неабходнасць стварыць Савет старастаў, распрацаваць палажэнні, якія рэгламентуюць дзейнасць старастаў вучэбных груп і Савета старастаў. З мэтай удасканалення працы цьютараў патрэбна арганізаваць пастаянна дзеючыя семінары па навучанні і абмене вопытам. Неабходна побач з масавымі формамі арганізацыі мерапрыемстваў шырэй выкарыстоўваць малыя формы групавой дзейнасці, накіраваныя на развіццё прафесійных кампетэнцый будучых педагогаў. Для кансалідацыі ўсіх студэнцкіх структур мэтазгодна стварыць у БДПУ каардынуючы калегіяльны орган студэнцкага самакіравання. З мэтай уключэння кітайскіх студэнтаў ва ўсе сферы жыццядзейнасці ўніверсітэта неабходна стварыць Савет кітайскіх студэнтаў. Актуальнымі застаюцца пытанні матэрыяльнага стымулявання ўдзелу студэнтаў у дзейнасці органаў студэнцкага самакіравання (асабліва платнай формы атрымання адукацыі).
Старшыня Пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Вольга Мікалаеўна Дымкова пазнаёміла членаў Савета з працай прафсаюзнага камітэту Пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў. Яна адзначыла, што ў дзейнасці арганізацыі назапашаны вялікі вопыт і праводзіцца значная работа.
В.М.Дымкова падкрэсліла, што студэнцкія прафсаюзныя арганізацыі ўніверсітэтаў былі і застаюцца той прафсаюзнай структурай, якая з аднаго боку забяспечвае абарону правоў і інтарэсаў студэнцтва, а з другога – вырашае многія пытанні студэнцкай моладзі. Прагучалі канкрэтныя прапановы па мадэрнізацыі формаў і зместу вучобы актыву, правядзенні матывацыйнай працы сярод замежных студэнтаў і першакурснікаў, павышэнні матывацыі студэнтаў з ліку актыву да вучэбнай дзейнасці і інш.
Выступленне сакратара Пярвічнай арганізацыі ГА БРСМ БДПУ Аляксандра Давыдоўскага было прысвечана ролі БРСМ у грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі, развіццю студатрадаўскага руху і валанцёрскай дзейнасці. А.Давыдоўскі пазнаёміў членаў Савета з вынікамі асноўных праектаў БРСМ БДПУ – «Беларусь – крыніца натхнення», «Труд – крут!», «БРСМ: жыві ярка!», «БРСМ – стварай дабро!», «БРСМ: будзь з намі!» і інш. На думку дакладчыка, усе акцыі, праекты і праграмы пад эгідай «БРСМ» так або інакш накіраваны на развіццё прафесійных якасцей будучых спецыялістаў.
Старшыня студэнцкага савета БДПУ Павел Лапацінскі адзначыў, што студэнцкі савет самакіравання быў заснаваны больш за чвэрць стагоддзя таму ва ўніверсітэце з мэтай стварэння ўмоў для раскрыцця патэнцыялу студэнцкай моладзі, паляпшэння яе прафесійнай падрыхтоўкі, фарміравання грамадзянскай пазіцыі і патрыятычнага выхавання, развіцця традыцый БДПУ. Сёння склад студсавета ўключае 11 старшынь студсаветаў усіх факультэтаў і інстытутаў, а таксама створаны 5 сектараў: прэс-служба, інфармацыйна-аналітычны сектар, сектар культурна-масавай работы, сектар студэнцкіх ініцыятыў і сектар па сувязях з грамадскасцю і прыцягненні партнёраў.
На некаторых факультэтах і ў інстытутах функцыянуюць свае, арыгінальныя сектары. Напрыклад, экалагічны сектар студсавета Інстытута інклюзіўнай адукацыі створаны для прыцягнення ўвагі студэнтаў да экалагічных праблем: арганізацыі акцый па зборы другаснай сыравіны, уборцы тэрыторый, удзелу ў экафэстах і інш. Аналагічны сектар на факультэце прыродазнаўства займаецца арганізацыяй праектаў са школьнікамі (экалагічныя гульні, квэсты) і правядзеннем эколага-пазнавальных мерапрыемстваў на тэрыторыі АБС «Зялёнае». З мэтай падтрымкі выпускнікоў педкласаў, развіцця іх прафесійнай актыўнасці ў ІІА створаны сектар выпускнікоў педагагічных класаў. З верасня 2019 года, на факультэтах і інстытутах, дзе навучаюцца замежныя студэнты, былі створаны сектары па працы з замежнымі студэнтамі.
П. Лапацінскі паведаміў, што асноўнымі напрамкамі дзейнасці студсавета БДПУ з’яўляюцца наступныя: удзел у арганізацыі і правядзенні прафарыентацыйнай работы; фарміраванне і прапаганда здаровага ладу жыцця; цьютарскае суправаджэнне студэнтаў; стымуляванне сацыяльнай актыўнасці студэнтаў і падтрымка іх грамадска-значных ініцыятыў; раскрыццё лідарскага патэнцыялу і арганізацыя карпаратыўнага навучання; пашырэнне магчымасцей для творчай самарэалізацыі студэнцкай моладзі, а таксама наладжванне і развіццё ўзаемадзеяння з органамі студэнцкага самакіравання і студэнцкімі структурамі, маладзёжнымі арганізацыямі ўстаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь і замежжа.
Па выніках пасяджэння была прынята пастанова Савета ўніверсітэта, у якой вызначаны канкрэтныя задачы па далейшым развіцці навукова-даследчай, эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці БДПУ. Поўны тэкст пастановы будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.