У пачатку пасяджэння рэктар адзначыў, што ва ўніверсітэце праводзіцца значная праца па ўмацаванні практакаарыентаванасці падрыхтоўкі студэнтаў. Абнаўляецца вучэбна-праграмная дакументацыя, на карысць практычных заняткаў змяншаецца колькасць лекцый, пашыраецца і разнастайваецца педагагічная практыка, удасканальваецца ўзаемадзеянне з філіяламі кафедраў і базамі практык.
На пасяджэнні з дакладам выступіла дэкан факультэта пачатковай адукацыі Наталля Уладзіміраўна Ждановіч. Яна адзначыла, што падрыхтоўка студэнтаў да практычнай дзейнасці па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя” ажыццяўляецца як у рамках вывучэння псіхолага-педагагічных дысцыплін, так і спецыяльных дысцыплін, у перыяд праходжання вучэбных і вытворчых практык. Сістэмны характар падрыхтоўкі забяспечваецца пераемнасцю ў змесце вывучаемых дысцыплін па курсах і ступенях, паміж курсамі педагогікі і метадычнымі дысцыплінамі.
Параўнальны аналіз вучэбных планаў па спецыяльнасці 2013, 2019 і 2021 гадоў сведчыць аб значным павелічэнні колькасці гадзін на псіхолага-педагагічныя і метадычныя дысцыпліны. Істотна змяніліся суадносіны лекцыйных і практычных заняткаў: у вучэбным плане 2021 г. практычныя і лабараторныя заняткі складаюць 2/3 аўдыторных гадзін.
Абнаўленне зместу падрыхтоўкі настаўнікаў пачатковых класаў адбываецца з улікам сацыякультурных тэндэнцый і патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да вынікаў навучання школьнікаў на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У вучэбны план 2021 г. уключаны такія дысцыпліны, як “Асновы педагагічнага дызайну”, “Праектаванне ўрока ў інфармацыйна-адукацыйным асяроддзі”, “Медыяадукацыя малодшых школьнікаў”, “Лічбавая дыдактыка”, “Арганізацыя вучэбна-даследчай дзейнасці малодшых школьнікаў”, “Развіццё функцыянальнай пісьменнасці навучэнцаў”, “Інклюзіўныя адукацыйныя практыкі”.
Практыкаарыентаваны характар маюць факультатыўныя заняткі: “Асновы візуальнага праграмавання і адукацыйнай робататэхнікі”, “Шахматы”, “Асновы навучання шахматнай гульні”.
У тэматыцы курсавых, дыпломных, магістарскіх работ адлюстроўваюцца актуальныя праблемы пачатковай адукацыі: рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу ў выкладанні вучэбных прадметаў, фарміраванне культуры асобы малодшага школьніка, выкарыстанне ІКТ у выкладанні вучэбных прадметаў, фарміраванне прадметных і інтэгратыўных кампанентаў функцыянальнай пісьменнасці малодшых школьнікаў. Тэматыка дыпломных работ мае пераемнасны характар. Штогод яна абнаўляецца ў адпаведнасці з запытамі ўстаноў адукацыі не менш як на 30 працэнтаў. Тэматыка СНДЛ таксама накіравана на фарміраванне прафесійных кампетэнцый студэнтаў.
Змест вучэбных і вытворчых практык будуецца на аснове прынцыпу пераемнасці і павелічэння аб’ёму практыкаарыентаваных заданняў, змест педагагічных практык абнаўляецца на кожным курсе. У праграмы практык унесены раздзелы, якія рэгламентуюць правядзенне практыкі ва ўмовах анлайн-навучання, прадугледжана дыферэнцыяцыя заданняў для студэнтаў-выпускнікоў педагагічных класаў. Праграма педагагічнай практыкі 3 курса прадугледжвае знаёмства з арганізацыяй працы ў класах інтэграванага навучання і выхавання.
Для прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў шырока выкарыстоўваюцца магчымасці баз філіялаў кафедраў. За апошнія 3 гады адзначаецца станоўчая дынаміка.
На факультэце развіваецца праектная дзейнасць: рэалізуюцца адукацыйныя праекты “Ад культуры чытання – да культуры асобы”, “Музейны ўрок”, “Медыяадукацыя для дзяцей”, “Шахматны дэбют”, “Тэатральны ўрок, або Як нараджаецца спектакль”, розныя метадычныя праекты, у тым ліку праект “Урокі ўстойлівага развіцця ў пачатковай школе”.
Фарміраванню прафесійных якасцей студэнтаў садзейнічае іх актыўная праца ў складзе факультэцкіх педагагічных атрадаў “Данка”, універсітэцкага педагагічнага атрада “Сузор’е”, валанцёрскага аб’яднання “Адкрытае сэрца”. Практыкаарыентаваным з’яўляецца “адукацыйнае” валанцёрства (дапамога дзецям з прыёмных сем’яў у падрыхтоўцы ўрокаў), якім займаюцца валанцёрскі сектар студэнцкага савета і цьютарскае аб’яднанне “Азбука поспеху”. Прафесійную накіраванасць мае работа клуба выпускнікоў педагагічных класаў “Прызванне”, які ў 2021 г. пачаў рэалізацыю прафарыентацыйнага праекта для навучэнцаў педкласаў “Рэаліці-канструктар «Педагагічныя прыгоды»”.
Святлана Ігараўна Неўдах, намеснік начальніка ЦРПА, старшыня камісіі па падрыхтоўцы пытання, паведаміла членам Савета пра арганізацыю на факультэце пачатковай адукацыі адукацыйнага працэсу, педагагічных практык, навукова-даследчай работы, вучэбна-метадычнае забеспячэнне практыкаарыентаванай падрыхтоўкі, а таксама пра вынікі аналізу якасці падрыхтоўкі студэнтаў.
Кацярына Міхайлаўна Яскевіч, настаўнік пачатковай школы №29 г. Мінска імя братоў Сянько, выпускніца факультэта пачатковай адукацыі БДПУ 2020 г., адзначыла, што асяроддзе на факультэце з’яўляецца практыкаарыентаваным. Яна расказала пра арганізацыю педагагічных практык на факультэце і асабісты ўдзел у разнастайных адукацыйных праектах.
Па выніках пасяджэння прынята пастанова Савета ўніверсітэта, поўны тэкст якой будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні БДПУ.