На пасяджэнні з дакладам выступіла Вера Валер'еўна Хітрук, дырэктар Інстытута інклюзіўнай адукацыі, намеснік старшыні Грамадскага савета базавай арганізацыі дзяржаў – удзельніц СНД па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў у галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі. Яна адзначыла, што асновай дзейнасці базавай арганізацыі з’яўляецца навукова-даследчая, эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць, накіраваная на даследаванне праблем навучання і выхавання навучэнцаў з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі і падрыхтоўкі педагагічных работнікаў да працы з імі пры дыверсіфікацыі адукацыйных маршрутаў.
За 2019–2022 гг. выканана 13 заданняў НДР, якія праводзіліся па наступных напрамках: пошук і абгрунтаванне шляхоў удасканалення педагагічнай адукацыі ва ўмовах дыверсіфікацыі адукацыйных маршрутаў навучэнцаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця (АПФР); абгрунтаванне тэхналогій фарміравання адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя з улікам асаблівых адукацыйных патрэб навучэнцаў; распрацоўка методык і тэхналогій карэкцыйна-развіваючай працы з дзецьмі з АПФР.
Важнай формай навукова-даследчай і навукова-метадычнай работы стала выкананне заданняў па грантах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне адукацыі і навукі. Апрабацыя атрыманых навуковых вынікаў ажыццяўляецца ў фармаце эксперыментальных і інавацыйных праектаў.
БДПУ як базавая арганізацыя з’яўляецца асноўным выканаўцам заданняў праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Інклюзіўная адукацыя: спрыяльнае асяроддзе для рэалізацыі патэнцыялу кожнага дзіцяці”, які рэалізуецца сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Прадстаўніцтвам Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь пры фінансавай падтрымцы Урада Расійскай Федэрацыі.
Важным напрамкам дзейнасці базавай арганізацыі з’яўляецца абнаўленне зместу і навукова-метадычнае забеспячэнне падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі ў адпаведнасці з вынікамі навуковых даследаванняў і запытамі адукацыйнай практыкі. Вынікі працы знайшлі адлюстраванне ў адукацыйных стандартах вышэйшай адукацыі, а таксама ў адукацыйных праграмах перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. У БДПУ праводзяцца навучальныя курсы на базе Рэспубліканскага цэнтра развіцця інклюзіўнай адукацыі ІІА, выязныя заняткі для практычных педагогаў па запытах устаноў адукацыі (за 6 гадоў праведзена 797 курсаў для 16185 слухачоў).
Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ ў 2020–2022 гг. было рэалізавана 9 вучэбных праграм павышэння кваліфікацыі ў галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі для спецыялістаў, якія працуюць з дзецьмі з асаблівасцямі псіха-фізіялагічнага развіцця. Ажыццёўлены 11 вучэбных праграм стажыровак. Рэалізуюцца адукацыйныя праграмы перападрыхтоўкі па 6 спецыяльнасцях. Актыўна развіваецца арганізацыя стажыровак для магістрантаў, аспірантаў, дактарантаў Рэспублікі Беларусі, Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Казахстан у галіне спецыяльнай адукацыі.
Напрыканцы даклада В.В.Хітрук адзначыла, што ў 2023 г. БДПУ плануе забяспечыць сумесную распрацоўку і рэалізацыю міжнароднай адукацыйнай праграмы павышэння кваліфікацыі педагогаў-псіхолагаў і педагогаў сацыяльных па праблемах адукацыі навучэнцаў з парушэннямі эмацыйна-валявой сферы і паводзін, а таксама рэалізацыю праекта “Залатыя лекцыі” па праблемах развіцця і адукацыі дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі.
Па выніках пасяджэння прынята пастанова Савета ўніверсітэта, поўны тэкст якой будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні БДПУ.