У пасяджэнні прымалі ўдзел намеснікі дэканаў факультэтаў і намеснікі дырэктараў інстытутаў па навуковай рабоце, загадчыкі кафедраў, кіраўнікі навуковых тэм і студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый.
У пачатку пасяджэння А.І. Жук падкрэсліў актуальнасць разглядаемага пытання, паколькі навукова-інавацыйная работа важная для ўстойлівага развіцця ўніверсітэта. Рэктар адзначыў, што навуковыя даследаванні, якія праводзяцца ў структурных падраздзяленнях, павінны мець сістэмны характар і быць нацэленымі на вырашэнне найбольш актуальных тэарэтычных і прыкладных задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі Беларусі.
З асноўным дакладам выступіла дэкан гістарычнага факультэта Вераніка Пятроўна Скок. Яна адзначыла, што ў справаздачны перыяд на факультэце працуюць 53 штатныя супрацоўнікі з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу, з іх 37 маюць вучоную ступень кандыдата навук, 7 − вучоную ступень доктара навук (83% ад агульнай колькасці супрацоўнікаў, што з’яўляецца адным з найлепшых паказчыкаў у БДПУ).
Прафесарска-выкладчыцкі склад факультэта ажыццяўляе навуковае кіраўніцтва і прымае ўдзел у рэалізацыі навуковых праграм рознага ўзроўню: Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2016–2020 гг. «Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства» − 9 тэм, галіновых навукова-тэхнічных праграм – 1, Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў – 4, грантаў Міністэрства адукацыі – 4, эксперыментальнага праекту «Erasmus+» – 1, кафедральных тэм навукова-даследчай работы – 3. З 24 тэм больш за палову выконваюцца на кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў, 7 – на кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, 4 – на кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі. Супрацоўнікі гістарычнага факультэта з’яўляюцца навуковымі кансультантамі эксперыментальных і інавацыйных праектаў Міністэрства адукацыі.
Вынікі навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці прафесарска-выкладчыцкага складу ўкаранёны ў адукацыйны працэс БДПУ, устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі (за 2018−2020 гг. − 25 актаў аб укараненні вынікаў НДР і 20 актаў аб практычным выкарыстанні вынікаў даследаванняў).
Павысілася публікацыйная актыўнасць прафесарска-выкладчыцкага складу: за апошнія 3 гады выкладчыкамі факультэта было апублікавана 12 манаграфій, 36 дапаможнікаў і практыкумаў, 98 артыкулаў у часопісах, рэкамендаваных ВАК, 27 – у часопісах з рэфератыўнай базы РІНЦ, 3 – у часопісах з рэфератыўнай базы Scopus.
У аспірантуры навучаюцца 15 аспірантаў, 13 дактарантаў, аднак, як паказала атэстацыя ў красавіку 2020 г., 2 аспіранты і 4 дактаранты былі атэставаны камісіяй умоўна. У адпаведнасці з праграмай «Кадры 2016−2020» на апошнія 3 гады былі запланаваны абароны 9 кандыдацкіх і 2 доктарскіх дысертацый, аднак абаронены толькі 3 дысертацыі на атрыманне вучонай ступені кандыдата навук.
Ажыццяўляецца праца па прыцягненні фінансавання для выканання тэм навукова-даследчых работ. Аб’ём фінансавання навуковых даследаванняў, праведзеных з удзелам супрацоўнікаў гістарычнага факультэта, у 2018 г. склаў 83060 руб.; у 2019 – 92040 руб., за 5 мес. 2020 г. – 97300 руб.
Навукова-даследчая работа студэнтаў арганізуецца на факультэце ў рамках дзейнасці студэнцкага навуковага таварыства (СНТ), студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый (СНДЛ), а таксама індывідуальнай навукова-даследчай працы. На факультэце функцыянуюць 4 СНДЛ. Трохбаковая сувязь «навукова-даследчая дзейнасць СНДЛ» − «навуковая і эксперыментальная дзейнасць ППС» − «дзейнасць філіялаў кафедраў» забяспечвае фарміраванне ў студэнтаў матывацыі да навукова-даследчай дзейнасці, усведамлення яе значэння для прафесійнага развіцця і вызначэння ўласных асобасных перспектыў. Члены СНДЛ дэманструюць высокі ўзровень публікацыйнай актыўнасці (145 публікацый, у тым ліку 16 у часопісах, рэкамендаваных ВАК для публікацыі матэрыялаў дысертацыйных даследаванняў).
Члены СНДЛ прымаюць удзел у конкурсах Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, конкурсах даследчых праектаў і навукова-метадычных распрацовак, выставах, арганізуюць свае навукова-метадычныя мерапрыемствы.
Падводзячы вынікі абмеркавання пытання, старшыня Савета ўніверсітэта рэктар А.І. Жук адзначыў, што навукова-даследчая і інавацыйная дзейнасць гістарычнага факультэта вызначаецца шматузроўневасцю, разнастайнымі формамі арганізацыі і скіравана на павышэнне якасці падрыхтоўкі настаўнікаў-гуманітарыяў. Разам з тым рэктар звярнуў увагу членаў Савета на тое, што ёсць патрэба ва ўдасканаленні навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці. Неабходна павысіць кантроль кіраўнікоў структурных падраздзяленняў за выкананнем праграмы «Кадры 2016−2020». Патрабуецца ўзмацненне публікацыйнай актыўнасці выкладчыкаў у выданнях, якія маюць высокі імпакт-фактар і зарэгістраваны ў навукаметрычных базах дадзеных (РІНЦ, Scopus і Web of Science). Тэматыка НДР павінна ахопліваць кірункі метадычных і гісторыка-педагагічных даследаванняў. Важна больш актыўна камерцыялізаваць вынікі НДР і ўкараняць іх у сацыяльна-адукацыйную сферу краіны.
Па выніках пасяджэння была прынята пастанова Савета БДПУ. Поўны тэкст пастановы будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.