Дакладчык адзначыў, што ў 2018 г. фінансава-эканамічная дзейнасць універсітэта была накіравана на рэалізацыю мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка» на 2016–2020 гады, фінансавага забеспячэння эфектыўнай працы ўсіх структурных падраздзяленняў універсітэта, паляпшэнне ўмоў падрыхтоўкі спецыялістаў, камерцыялізацыю вынікаў навуковых даследаванняў. Фінансава-эканамічная дзейнасць ажыццяўлялася ў межах штатнага раскладу ўніверсітэта, бюджэтных каштарысаў, каштарысу даходаў і расходаў пазабюджэтных сродкаў, зацверджаных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці са стандартам сістэмы менеджменту якасці «Фінансавы менеджмент».
У 2018 г., як і ў папярэднія гады, структурныя падраздзяленні БДПУ нарошчвалі аб’ёмы пазабюджэтнай дзейнасці для забеспячэння ўстойлівага развіцця ўніверсітэта, павышэння заработнай платы супрацоўнікаў, паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы і інфраструктуры.
У справаздачным годзе выдаткі на заработную плату склалі амаль 65% ад агульнага аб’ёму выдаткаў (на 5% больш у параўнанні з 2017 г.). З уласных сродкаў універсітэта на заработную плату было накіравана каля 9 млн. руб., што супастаўляльна з бюджэтным фінансаваннем, якое склала 9,3 млн. руб. Сярэдні памер выплат стымулюючага характару на аднаго супрацоўніка склаў 2,8 тыс. руб., што на 5% больш, чым у 2017 г. Кожнаму супрацоўніку была выплачана дадатковая прэмія ў памеры аднаго тарыфнага акладу да Дня ўніверсітэта, 0,5 тарыфнага акладу да Дня настаўніка. Па выніках навучальнага года выкладчыцкаму складу выплачана па 0,5 тарыфнага акладу, іншым работнікам − 0,25 тарыфнага акладу. Сума матэрыяльнай дапамогі ў 2018 г. склала 490 руб. на аднаго супрацоўніка.
На выплату стыпендый у 2018 г. было накіравана 2,7 млн. руб. За апошнія тры гады паказчык забяспечанасці стыпендыяй студэнтаў вырас з 81% да 85%. Стыпендыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь атрымліваюць 5 аспірантаў БДПУ і 8 студэнтаў. Уладальнікамі імянных стыпендый з’яўляюцца 28 чал. Штомесячную надбаўку ў памеры ад 10 да 140 руб. атрымліваюць 375 студэнтаў, якія дасягнулі асаблівых поспехаў у вучобе, навуковай і грамадскай працы (агульная сума – 177 тыс. руб.). Матэрыяльную дапамогу атрымалі больш за 470 студэнтаў на суму 18,4 тыс. руб., прэмію – больш за 700 студэнтаў на суму 36 тыс. руб.
У структуры пазабюджэтных даходаў адукацыйная дзейнасць складае 89%. Нягледзячы на тое, што у 2018 г. агульная колькасць студэнтаў у БДПУ знізілася на 7,6% у параўнанні з 2017 г., даходы ад платнага навучання павялічыліся на 8%, што звязана галоўным чынам з павышэннем аплаты за навучанне, прыцягненнем значнай колькасці замежных студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў. Даходы ад дзейнасці вучэбна-выдавецкага цэнтра БДПУ павялічыліся на 40% і склалі 236 тыс. руб. Больш чым на 57% выраслі даходы ад рознічнага гандлю (з 91 тыс. руб. у 2017 г. да 144 тыс. руб. у 2018 г.). Адзначаецца пастаянны рост даходаў ад аказання фізкультурна-аздараўленчых платных паслуг: калі ў 2016 г. універсітэт атрымаў 169 тыс. руб., то ў 2018 г. − 444 тыс. руб. (рост больш чым у 2,5 разы). Істотна нарасціў даходы стадыён БДПУ – з 139 тыс. руб. у 2017 г. да 240 тыс. руб. у справаздачным годзе.
Універсітэтам забяспечана выкананне ўстаноўленага паказчыку па знешнеэканамічнай дзейнасці. Атрымана валютных даходаў на суму 1,9 млн. дол. ЗША, што амаль на 18% больш, чым у 2017 г. Павелічэнне валютных паступленняў за тры апошнія гады склала 27%.
У 2018 г. павысілася эфектыўнасць працы факультэтаў і інстытутаў па атрыманні даходаў ад аказання дадатковых адукацыйных паслуг. Даход ад гэтых паслуг склаў больш за 596 тыс. руб. (без ліквідацыі акадэмічных запазычанасцей), гэта ў 1,5 разы вышэй за паказчыкі 2017 г.
У справаздачным годзе праведзена праца па прыцягненні міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Рэалізаваны тры праекты на суму больш за 82 тыс. еўра: «Садзейнічанне развіццю кампетэнцый у беларускай вышэйшай адукацыі (FOSTERC)», «Распрацоўка адукацыйных модуляў па праве для падрыхтоўкі спецыялістаў педагагічнага профілю як уклад у станаўленне сістэмы адукацыі, заснаванай на абароне правоў удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў краінах з пераходнай эканомікай (ELA)», «Усходняе партнёрства ў сферы педагагічных інавацый у рамках інклюзіўнай адукацыі».
У 2018 г. асвоена пазабюджэтных сродкаў па капітальным рамонце на суму 143 тыс. руб., што ў 1,6 разы больш за бюджэтныя асігнаванні (90 тыс. руб.).
А.І. Жук адзначыў, што на бягучы рамонт у 2018 г. было затрачана пазабюджэтных сродкаў на суму 1116 тыс. руб., што ў 4 разы больш, чым сродкаў з бюджэту (273 тыс. руб.). У выніку абноўлены аўдыторны фонд (з закупкай офіснай і аўдыторнай мэблі, аргтэхнікі, мультымедыйнага абсталявання) і памяшканні агульнага карыстання ў вучэбных карпусах № 1 (адрамантавана паточная аўдыторыя для ІПКіП, кабінет цэнтра педагагічнай адукацыі, заменены дзвярныя блокі на лесвічных маршах з другога па пяты паверх, устаноўлены алюмініевыя ўваходныя дзверы на лесвіцу на першым паверсе), № 2 (адрамантаваны тры аўдыторыі філалагічнага факультэта з устаноўкай новай мэблі і мультымедыйных інтэрактыўных дошак, 2 лабараторыі факультэта прыродазнаўства, калідор на паверсе фізіка-матэматычнага факультэта, крыло пераходу ў 1 корпус, лесвічны марш з цокальнага паверху па пяты паверх), № 3 (адрамантавана паточная аўдыторыя для фізіка-матэматычнага факультэта, выкананы працы па захаванні інтэр’еру актавай залы, адкрыта шматфункцыянальная аўдыторыя на 90 месцаў, устаноўлена сучасная сістэма кандыцыянавання паветра ў памяшканні прыёмнай камісіі, адрамантавана падлога ў спартыўнай зале), № 5 (адрамантаваны 8 аўдыторый і калідоры двух паверхаў, адкрыты філіял школы развіцця дзіцяці «Першая адукацыя», мадэрнізаваны гардэроб), № 7 (адрамантаваны 12 вучэбных аўдыторый, устаноўлены новыя пасажырскія ліфты з тэлескапічнымі дзвярыма, электрапрывадам і аўтаматыкай, выкананай на базе мікрапрацэсарнага кіравання, адкрыта шматфункцыянальная аўдыторыя на 120 месцаў), № 8 (абноўлены абедзенныя залы сталовай, адрамантаваны кандытарскі цэх, складскія памяшканні, заменены 10 аконных блокаў), № 9 (уведзены ў эксплуатацыю новыя аўдыторыі і памяшканні, завершаны рамонт 4 блока). Праведзены рамонтныя работы ў інтэрнатах БДПУ: бягучы рамонт калідора першага паверха (інт. № 2), рамонт падлогі ў жылых пакоях і санвузлоў у трох блоках на другім паверсе (інт. № 3), рамонт асфальтавага пакрыцця (інт. № 4), замена аконных блокаў у 8 жылых пакоях (інт. № 6). Устаноўлена сістэма відэаназірання ў інтэрнатах № 1, 2, 3. Акрамя таго, у 2018 г. абноўлены фасады трох вучэбных карпусоў па вул. Савецкая, 18, праведзена частковая мадэрнізацыя тэхналагічнага абсталявання ВВЦ, набыты новыя друкавальная і паперарэзная машыны, адрамантавана памяшканне рэгістрацыі гасцініцы «Універсітэцка», на стадыёне БДПУ адрамантавана частка даху адміністрацыйнага будынка, асфальтавае пакрыццё, устаноўлена электроннае табло і інш. Большасць бягучых рамонтаў выкананы з заменай аконных і дзвярных блокаў з афармленнем інтэр'ера памяшканняў, прадуманага па стылі і спалучэнні фарбаў.
У 2018 г. набыта абсталявання і іншых асноўных сродкаў за кошт бюджэту на суму 90 тыс. руб., за кошт пазабюджэтных сродкаў – на 257 тыс. руб., што ў 2,8 разы больш, чым бюджэтных сродкаў.
Са сродкаў перавышэння даходаў над расходамі ў 2018 г. было выкарыстана 3,5 млн. руб. Сродкі былі накіраваны на матэрыяльнае стымуляванне работнікаў універсітэта, камандзіровачныя выдаткі, гаспадарчыя патрэбы, аплату сувязі і транспарту, камунальных паслуг, культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы, падарункі і пуцёўкі ў лагеры для дзяцей супрацоўнікаў, а таксама на капітальныя выдаткі.
Падагульняючы выступленне, А.І. Жук вызначыў асноўныя напрамкі развіцця фінансава-эканамічнай дзейнасці БДПУ на 2019 г. і наступныя гады: захаванне фінансавай стабільнасці ўніверсітэта; павышэнне пазабюджэтных даходаў за кошт дыверсіфікацыі іх відаў і пашырэння экспарту; выкарыстанне рынкавых механізмаў прыцягнення фінансавых сродкаў; аптымізацыя структуры расходаў і капітальных укладанняў на аснове максімальнай эканоміі.
Па выніках пасяджэння прынята пастанова Савета ўніверсітэта, поўны тэкст якой будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні БДПУ.