На пасяджэнні з дакладам выступіў рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук. Ён адзначыў, што найважнейшымі напрамкамі фінансава-эканамічнай і гаспадарчай дзейнасці ўніверсітэта ў папярэднім годзе з’яўляліся: забеспячэнне эфектыўнага выкарыстання сродкаў, што накіроўваюцца на адукацыю; фінансавая і сацыяльная падтрымка супрацоўнікаў і навучэнцаў; умацаванне вучэбна-матэрыяльнай базы ўніверсітэта; павелічэнне аб’ёмаў пазабюджэтнай дзейнасці на аснове дыверсіфікацыі яе відаў; экспарт адукацыйных паслуг.
У справаздачным годзе выдаткі на заработную плату склалі 60% ад агульнага аб’ёму выдаткаў. З уласных сродкаў універсітэта накіравана каля 13 млн. руб., што супастаўляльна з бюджэтным фінансаваннем.
Супрацоўнікам, якія перахварэлі на COVID-19, была аказана матэрыяльная дапамога на агульную суму 27,5 тыс. руб.
На выплату стыпендый у 2021 г. было накіравана больш за 5 млн. руб. За апошні год паказчык забяспечанасці стыпендыяй студэнтаў вырас да 91%. Стыпендыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь атрымлівае 1 аспірант БДПУ і 28 студэнтаў. Уладальнікамі імянных стыпендый з’яўляюцца 28 чалавек.
Штомесячную надбаўку ў памеры ад 10 да 300 руб. атрымліваюць 400 студэнтаў, якія дасягнулі асаблівых поспехаў у вучобе, навуковай і грамадскай працы. Матэрыяльную дапамогу атрымалі больш за 740 студэнтаў, прэмію – 450 студэнтаў.
У структуры пазабюджэтных даходаў адукацыйная дзейнасць складае 85%. На 13% выраслі даходы ад аказання фізкультурна-аздараўленчых платных паслуг, на 25% – ад рознічнага гандлю. У 1,2 раза павялічыліся даходы ад дзейнасці вучэбна-выдавецкага цэнтра.
У 2021 г. на 15% павысілася эфектыўнасць працы факультэтаў і інстытутаў па атрыманні даходаў ад аказання дадатковых адукацыйных паслуг.
Універсітэтам забяспечана выкананне ўстаноўленага паказчыка па знешнеэканамічнай дзейнасці. Атрымана валютных даходаў на суму 3,3 млн. дол. ЗША, што больш за планавыя паказчыкі.
У 2021 г. прадоўжыліся праекты з Прадстаўніцтвам Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь па асваенні замежнай бязвыплатнай дапамогі па праграмах “Удасканаленне аказання ранняй комплекснай дапамогі ва ўстановах дашкольнай адукацыі” і “Арганізацыя падтрымкі бацькоў дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту на базе Цэнтра сучасных методык дашкольнай адукацыі”. Шэраг праектаў у 2021 г. быў паспяхова завершаны: праект на базе Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі “Псіхалагічны дабрабыт школьнікаў: прафілактыка суіцыдальных паводзін і дапамога ў крызіснай сітуацыі” і праект на базе Інстытута псіхалогіі “Навукова-даследчыя работы па адаптацыі харвацкай мадэлі Бяспечнае і падтрымліваючае асяроддзе ў школах”.
Паміж БДПУ і прадстаўніцтвам Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь заключаныя дагаворы на аказанне паслуг у 2022 г. на базе Інстытута псіхалогіі і Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі.
У 2021 г. працягвалася комплекснае развіццё інфраструктуры БДПУ, праводзіліся капітальныя і бягучыя рамонты, абсталяванне аўдыторнага і жылога фонду, закупка офіснай і аўдыторнай мэблі, аргтэхнікі, мультымедыйнага абсталявання і інш.
А.І.Жук адзначыў, што на капітальны рамонт выдаткавана больш за 905 тыс. руб., з іх пазабюджэтныя сродкі склалі 56%. Бягучы рамонт у асноўным праводзіўся за кошт уласных сродкаў.
У выніку абноўлены аўдыторны фонд і памяшканні агульнага карыстання ў вучэбных карпусах № 1: 9 аўдыторый, лабараторыя астраноміі, кабінет кафедры, цэнтр іраназнаўства і вывучэння персідскай мовы, кабінеты STEAM-цэнтра і цэнтра арганізацыйна-метадычнага забеспячэння адукацыйнай дзейнасці, памяшканні дэканата і сектара перападрыхтоўкі; устаноўлена сучасная электронная сістэма званкоў; № 2: 3 памяшканні кафедраў, камп’ютарны клас, кабінет платных паслуг і запраўкі картрыджаў; № 3: 5 дапаможных памяшканняў, 2 запасныя ўваходы з заменай 5 аконных і 5 дзвярных блокаў, калідор на цокальным паверсе; праведзены мантаж сучаснага святлодыёднага экрана ў актавай зале; пакладзена 300 кв. м керамагранітнай пліткі ў цэнтральным холе; № 5: шэраг тэхнічных памяшканняў; праведзены рамонт даху з заменай пакрыцця; абсталявана сістэма цэнтралізаванага кантролю і кіравання доступам у будынак; № 7: 3 аўдыторыі; добраўпарадкавана спартыўная пляцоўка з устаноўкай новых агароджаў і бардзюраў, валейбольных стоек і варот, кладкай спецыяльнага пакрыцця; рамонт даху вучэбнага корпуса; № 8: кабінет кафедры; памяшканні гандлёвага комплексу БДПУ, падсобныя памяшканні кафэ і гардэробу; мадэрнізавана сістэма аўтаматычнага рэгулявання ацяплення і гарачага водазабеспячэння; № 9: капітальны рамонт па ўцяпленні фасада будынка і інш.
Праведзены рамонтныя работы ў інтэрнатах БДПУ: № 1: рамонт і афарбоўка пажарнай лесвіцы і металічных парапетных рашотак агароджы даху; бягучы рамонт сістэмы вентыляцыі; № 3: 32 жылыя пакоі, калідор 5 паверху, лесвічны марш з першага па пяты паверхі; у калідоры пакладзена плітка з керамаграніту падвышанай трываласці, адрамантаваны сцены; устаноўлена гукавое абсталяванне і праектар мультымедыя ў клубе “BSPU HALL”; № 4: бягучы рамонт трубаправода халоднага водазабеспячэння; № 6: бягучы рамонт часткі фасада.
Падагульняючы выступленне, А.І.Жук вызначыў асноўныя напрамкі развіцця фінансава-эканамічнай дзейнасці БДПУ на 2022 г. і наступныя гады: захаванне фінансавай стабільнасці ўніверсітэта; аптымізацыя структуры бягучых выдаткаў і капітальных укладанняў на аснове максімальнай эканоміі; актывізацыя знешнеэканамічнай дзейнасці.
Па выніках пасяджэння прынята пастанова Савета ўніверсітэта, поўны тэкст якой будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні БДПУ.