У пасяджэнні прымалі ўдзел намеснікі дэканаў факультэтаў і дырэктараў інстытутаў па вучэбнай рабоце, загадчыкі кафедраў, агульныя кіраўнікі практык.
У пачатку пасяджэння А.І. Жук падкрэсліў актуальнасць разглядаемага пытання, паколькі яно звязана з выкананнем даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па ўзмацненні практыка-арыентаванай падрыхтоўкі выпускнікоў ВНУ наогул і будучых педагогаў у прыватнасці.
З асноўным дакладам выступіў прарэктар па вучэбнай рабоце Аляксандр Васільевіч Макоўчык. Дакладчык адзначыў, што ў БДПУ склалася сістэма арганізацыі і правядзення практыкі студэнтаў, у аснову якой пакладзены прынцып паступовага “пагружэння” ў прафесійнае асяроддзе, які рэалізуецца шляхам бесперапыннага (з першага па выпускны курс) уключэння студэнта ў пастаянна ўскладняемыя віды прафесійнай дзейнасці ў рэальных або змадэляваных умовах.
Практыка студэнтаў як адна з формаў арганізацыі адукацыйнага працэсу ў БДПУ ажыццяўляецца ў адпаведнасці з адукацыйнымі стандартамі, вучэбнымі планамі спецыяльнасцей, праграмамі практык.
У 2019/2020 навучальным годзе на 9-ці факультэтах і ў 2-х інстытутах БДПУ было праведзена 312 практык, з іх 195 − у дзённай форме атрымання адукацыі, 117 − у завочнай.
Агульная працягласць практык за ўвесь перыяд навучання студэнта ў залежнасці ад абранай спецыяльнасці вар’іруецца ад 14 да 30 тыдняў (як правіла, 2−4 тыдні − на І і ІІ курсе, 4−10 тыдняў − на ІІІ курсе, 5−11 тыдняў − на IV курсе).
З мэтай стварэння ў ВНУ практыкаарыентаванага асяроддзя, якое спрыяе павышэнню якасці падрыхтоўкі выпускнікоў, былі ўнесены змены ў структуру педагагічнай практыкі для надання ёй бесперапыннага характару. У адпаведнасці з Пратаколам даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па ўдасканаленні педагагічнай адукацыі ў 2015 г. для студэнтаў І курса была ўведзена факультатыўная дысцыпліна “Валанцёрская дзейнасць (валанцёрская практыка)” (36 гадзін), якая рэалізуецца на 5 факультэтах і інстытутах БДПУ (гістарычным, фізіка-матэматычным, філалагічным факультэтэх, у Інстытуце псіхалогіі і Інстытуце інклюзіўнай адукацыі). З лютага 2016 года валанцёрскую практыку прайшлі 1546 студэнтаў БДПУ на базе больш за 38 устаноў сістэмы адукацыі і сацыяльнай сферы. Уцягнутасць студэнтаў у рэалізацыю значных сацыяльна-адукацыйных праектаў садзейнічала фарміраванню іх сацыяльнай актыўнасці, далучэнню да працы ў розных валанцёрскіх клубах і праектах (за апошнія 3 гады – каля 1500 студэнтаў I−IV курсаў).
На ІІ курсе на 9-ці спецыяльнасцях 4-х факультэтаў (філалагічным, фізіка-матэматычным, прыродазнаўства, гістарычным) рэалізуецца вучэбна-азнаямляльны педагагічны практыкум (з вылучэннем аднаго школьнага дня), падчас якога паспяхова вырашаецца задача паэтапнага ўключэння студэнта ў адукацыйную прастору школы ў якасці настаўніка.
На 3 курсе будучыя педагогі падчас вытворчай педагагічнай практыкі спрабуюць сябе ў дзейнасці настаўніка, праводзяць пробныя і заліковыя вучэбныя заняткі, а ў летні перыяд выязджаюць у аздараўленчыя лагеры, дзе праходзяць практыку ў часовых дзіцячых калектывах у якасці выхавальнікаў. Агульная колькасць студэнтаў, якія накіроўваюцца на летнюю педагагічную практыку ў 2019/2020 навучальным годзе, − 1368 чалавек, з іх 879 студэнтаў дзённай формы атрымання адукацыі.
На выпускным курсе ў ходзе пераддыпломнай практыкі будучыя педагогі замацоўваюць веды і ўменні па ўсім курсе навучання, рыхтуюць матэрыялы для дыпломнай работы, выконваюць абавязкі спецыяліста адпаведнага профілю.
Арганізацыйнае і навукова-метадычнае суправаджэнне практык у БДПУ забяспечваюць 36 кафедраў. У 2020/2021 навучальным годзе на агульнае і непасрэднае кіраўніцтва практыкамі запланавана 61660 гадзін. У БДПУ дзейнічае 119 праграм практык, 20% з іх распрацаваны ў гэтым навучальным годзе. У апошнія тры гады адзначаецца тэндэнцыя да павелічэння колькасці вучэбных выданняў, накіраваных на суправаджэнне практык студэнтаў БДПУ.
У гэтым навучальным годзе кіраўніцтва практыкай ажыццяўлялі 349 работнікаў з ліку ПВС, з іх 44% − дацэнты, 30% − старшыя выкладчыкі, 19% − выкладчыкі, 4% − выкладчыкі-стажоры, 3% − прафесары. Пры гэтым 88 супрацоўнікаў з ліку кіраўнікоў практык маюць кваліфікацыйныя катэгорыі педагагічных работнікаў (настаўніка, выхавацеля, сацыяльнага педагога і г. д.), што складае 23% ад ліку ППС, задзейнічанага ў працэсе арганізацыі практык.
У апошнія тры гады павялічваецца колькасць студэнтаў, якія прайшлі практыку на базе філіялаў кафедраў і структурных падраздзяленняў БДПУ (769 чал. у 2016/2017 гг., 822 − у 2018/2019 гг., 975 – у 2019/2020 гг.).
У адпаведнасці з патрабаваннямі стандарту СМЯ БДПУ ва ўніверсітэце праводзіцца анкетаванне студэнтаў, якія праходзілі педагагічную практыку (у 2019/2020 гг. апытана 1072 чал.).
Студэнты высока ацанілі якасць арганізацыі і правядзення педагагічнай практыкі (сярэдні паказчык задаволенасці 90,6%, што на 1,1% вышэй за паказчык мінулага года). Такім чынам, у спалучэнні з тэарэтычным навучаннем бесперапынная педагагічная практыка ў БДПУ забяспечвае высокую якасць падрыхтоўкі выпускнікоў.
А.В.Макоўчык адзначыў, што рэалізацыя практыкаарыентаванага падыходу ў адукацыйным працэсе будзе больш эфектыўнай пры сумеснай вучэбна-метадычнай рабоце прафесарска-выкладчыцкага складу кафедраў з прадстаўнікамі баз практык. Гэта дасць магчымасць забяспечыць навучанне студэнтаў у адпаведнасці з актуальнымі патрэбамі спажыўца (заказчыкаў кадраў). Пры абнаўленні зместу праграм практык і распрацоўцы іх метадычнага суправаджэння неабходна актыўна прыцягваць педагагічных работнікаў устаноў адукацыі, у якіх студэнты праходзяць практыку. Патрабуе аптымізацыі арганізацыя практык на базе філіялаў кафедраў, мэтазгодна больш актыўна выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі ў працэсе арганізацыйна-метадычнага суправаджэння практык.
Па выніках пасяджэння была прынята пастанова Савета БДПУ. Поўны тэкст пастановы будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.