З інфармацыяй “Аб выніках прыёмнай кампаніі 2022 года і задачах па яе ўдасканаленні ў 2023 годзе” выступіў адказны сакратар прыёмнай камісіі БДПУ Ігар Генадзьевіч Гушчынскі. Дакладчык адзначыў, што прыёмная камісія БДПУ на высокім арганізацыйным узроўні правяла цэнтралізаванае тэсціраванне, прафарыентацыйную работу, унутраныя іспыты, забяспечыла фарміраванне на конкурснай аснове кантынгенту студэнтаў усіх формаў атрымання вышэйшай адукацыі I ступені.
Вынікам работы прыёмнай камісіі БДПУ стала выкананне планаў прыёму па дзённай (885 чалавек) і завочнай (275 чалавек) формах навучання за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
Усяго ў 2022 годзе ў БДПУ было пададзена 1330 заяў ад абітурыентаў на дзённую і 448 заяў на завочную форму навучання за кошт сродкаў бюджэту, што сведчыць аб высокай запатрабаванасці прапанаваных спецыяльнасцей.
Універсітэт на 100% выканаў план прыёму абітурыентаў на месцы за кошт бюджэтных сродкаў.
Найбольш высокая конкурсная сітуацыя на бюджэтныя месцы склалася на спецыяльнасцях: “Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка” – 5 чал. на месца, “Псіхалогія” – 4,1 чал. на месца, “Аздараўленчая і адаптыўная фізічная культура (аздараўленчая)” – 3,6 чал. на месца (дзённая форма), “Лагапедыя” – 3,9 чал. на месца (завочная форма).
Найвышэйшыя прахадныя балы склаліся на наступных спецыяльнасцях дзённай формы атрымання адукацыі: “Псіхалогія” – 324 балы, “Практычная псіхалогія” – 315 балаў, “Лагапедыя” – 306 балаў, “Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка” – 302 балы. На 4 спецыяльнасці (“Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны”, “Беларуская мова і літаратура”, “Беларуская мова і літаратура. Замежная мова”, “Аздараўленчая і адаптыўная фізічная культура”) былі залічаны толькі тыя абітурыенты, якія мелі права паступлення без экзаменаў (медалісты і ўладальнікі дыпломаў з адзнакай, выпускнікі педагагічных класаў), а таксама абітурыенты на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. На шэрагу спецыяльнасцей фізіка-матэматычнага факультэта, Інстытута інклюзіўнай адукацыі, факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій прахадныя балы істотна выраслі ў параўнанні з леташнімі.
Кантынгент залічаных у БДПУ абітурыентаў характарызуецца высокімі якаснымі паказчыкамі: 164 медалісты і ўладальнікі дыпломаў з адзнакай, 236 выпускнікоў гімназій і ліцэяў, 184 выпускнікі профільных класаў педагагічнай скіраванасці.
Колькасць месцаў прыёму ў БДПУ ў 2022 годзе на навучанне на ўмовах аплаты зацверджана ў колькасці 970 (395 на дзённую форму навучання, 575 – на завочную).
Усяго ад абітурыентаў паступіла 1126 заяў на навучанне на ўмовах аплаты. Сярэдні конкурс па БДПУ на платныя месцы склаў 1,2 чал. на месца.
У цэлым выкананне кантрольных лічбаў прыёму, а таксама якасны склад абітурыентаў у 2022 годзе сведчаць аб высокім попыце на адукацыю ў БДПУ з боку абітурыентаў.
Атрыманыя вынікі сталі магчымымі дзякуючы сістэмнай прафарыентацыйнай рабоце і мерам па павышэнні прэстыжу педагагічнай прафесіі. Рэктаратам, інстытутамі і факультэтамі выкарыстоўваліся разнастайныя метады правядзення прафарыентацыйнай работы: выступленні студэнтаў і выкладчыкаў перад школьнікамі ў рамках “Дзён адчыненых дзвярэй” у анлайн-фармаце, “Зорнага паходу”, падчас правядзення заключнага этапу ўніверсітэцкай інтэрнэт-алімпіяды, педагагічнай практыкі, рэалізацыі праекту “Студэнт на адзін дзень”. Актыўны ўдзел у прафарыентацыйнай рабоце прымалі студэнты-члены клубу педагагічных класаў “Профіль+” у фармаце сустрэч з вучнямі, кансультацый і інфармацыйнай падтрымкі. Да гэтага напрамку работы актыўна падключыліся студэнты завочнай формы навучання. Сумесная работа факультэтаў, прыёмнай камісіі і прэс-службы вялася ў сацыяльных сетках БДПУ і Youtube-канале ўніверсітэта. Адзначаюцца станоўчыя вынікі работы філіялаў кафедраў універсітэта па арыентацыі навучэнцаў на выбар педагагічнай прафесіі.
Падводзячы вынікі абмеркавання, старшыня Савета Аляксандр Іванавіч Жук адзначыў, што разгледжанае пытанне мае асаблівае значэнне для ўніверсітэта, паколькі ад таго, наколькі ўдала праведзена прыёмная кампанія, у многім залежыць і якасць падрыхтоўкі педагагічных кадраў.
У апошнія гады было шмат зроблена па ўдасканаленні прафарыентацыйнай працы, аднак калектыву БДПУ нельга спыняцца на дасягнутым, а неабходна прапаноўваць і ўкараняць новыя падыходы ў працы з абітурыентамі. Неабходна прыняць дадатковыя меры па паляпшэнні выніковасці прыёмнай кампаніі, павышэнні якасці абітурыентаў за кошт узмацнення сувязяў паміж універсітэтам і навучальнымі ўстановамі, мэтанакіраванасці прафарыентацыйнай працы, больш актыўнага ўзаемадзеяння з вучнямі педагагічных класаў і іх бацькамі, пашырэнні камп’ютарнага суправаджэння ўступнай кампаніі, папулярызацыі Telegram-канала БДПУ.
Па выніках пасяджэння было прынята некалькі важных рашэнняў. Поўны тэкст пастановы Савета БДПУ будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.