Рэктар адзначыў, што імідж БДПУ, яго рэпутацыя, давер з боку грамадства і дзяржавы шмат у чым залежаць ад кадравага складу ўніверсітэта, таму кадравай палітыцы рэктаратам надаецца асаблівая ўвага.
Адукацыйны працэс ва ўніверсітэце арганізуецца на 40 кафедрах. У цэлым іх кадравы склад адпавядае нарматыўным патрабаванням і дазваляе паспяхова ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць па адукацыйных праграмах агульнай вышэйшай, паглыбленай вышэйшай і паслявузаўскай адукацыі.
Большасць кафедраў універсітэта маюць дастаткова высокі працэнт укамплектаванасці штатнымі выкладчыкамі з вучонымі ступенямі і званнямі: кафедра гісторыі Беларусі і славянскіх народаў (100 %), мовазнаўства і лінгвадыдактыкі (100 %), матэматыкі і методыкі выкладання матэматыкі (91 %) і інш. Штатнымі дактарамі навук / прафесарамі забяспечаны больш за палову кафедраў. Найбольшая колькасць штатных дактароў навук і прафесараў працуе на дзвюх кафедрах – мовазнаўства і лінгвадыдактыкі, усеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі. Разам з тым, маюцца кафедры з недастатковым навукова-педагагічным патэнцыялам: кафедры фізічнага выхавання і спорту, рускай мовы і профільных вучэбных прадметаў, мастацка-педагагічнай адукацыі і інш.
Сярэдні ўзрост выкладчыкаў БДПУ складае 50 гадоў 5 месяцаў. У БДПУ працуе 20 маладых спецыялістаў з ліку ПВС. Найбольшая колькасць маладых спецыялістаў – на філалагічным факультэце (5 чал.) і факультэце эстэтычнай адукацыі (3 чал.).
Кіраўніцтва ўніверсітэта надае вялікую ўвагу ўдасканаленню падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі. Распрацавана сістэма стымулюючых мер − як у плане павышэння адказнасці саіскальнікаў і іх навуковых кіраўнікоў, так і ў плане падтрымкі (матэрыяльнай і маральнай) за высокія вынікі.
Работнікам БДПУ, якія абаранілі доктарскую (кандыдацкую) дысертацыю ў перыяд навучання ў дактарантуры (аспірантуры), іх навуковым кансультантам (кіраўнікам) выплачваецца прэмія ў памеры 25-ці (20-ці) базавых велічынь.
За тры апошнія гады 207 работнікаў БДПУ былі ўзнагароджаны ўрадавымі ўзнагародамі, заахвочваннямі Міністэрства адукацыі, мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання і ўніверсітэта.
З ліку асоб, якія абаранілі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі ў 2018–2023 гг., 1 чал. прызначаны на пасаду прарэктара, 2 – дэкана, 1 – намесніка дэкана, 1 – начальніка аддзела, 5 – загадчыкаў кафедраў, 25 – на пасады дацэнтаў.
Важным механізмам рэалізацыі кадравай палітыкі ў БДПУ з’яўляецца План абарон работнікаў універсітэта на 2021–2025 гг. Найлепшыя вынікі выканання плана – у філалагічнага і гістарычнага факультэтаў, а таксама ў факультэта дашкольнай адукацыі.
Ва ўніверсітэце створаны ўсе ўмовы для своечасовай і якаснай падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі для патрэб БДПУ. Распрацавана і зацверджана сістэма мер па ўключэнні таленавітых студэнтаў у навукова-даследчую дзейнасць і адборы з іх ліку кандыдатаў для паступлення ў аспірантуру. Арганізавана педагагічнае суправаджэнне студэнтаў, якія праявілі схільнасць да навукова-даследчай дзейнасці і матываваных на навучанне ў магістратуры і аспірантуры з аказаннем ім адраснай кансультацыйна-педагагічнай дапамогі. Дзейнічае больш за 40 СНДЛ, якія даюць старт у навуку маладым вучоным і з’яўляюцца базай для працягу навучання ў аспірантуры і дактарантуры.
Рэктар адзначыў, што важную ролю ў забеспячэнні жыццядзейнасці БДПУ адыгрывае таксама адміністрацыйны, вучэбна-дапаможны і гаспадарча-абслугоўваючы персанал (далей – іншы персанал).
Цэлы шэраг структурных падраздзяленняў характарызуюцца стабільнасцю працоўных калектываў: факультэты дашкольнай адукацыі, філалагічны; аспірантура і дактарантура, бібліятэка, цэнтр арганізацыйна-метадычнага забеспячэння адукацыйнай дзейнасці, аддзел кадраў, упраўленне выхаваўчай работы з моладдзю, цэнтр бухгалтарскага ўліку і фінансавага забеспячэння.
У асобных структурных падраздзяленнях адзначаюцца праблемы з хуткай зменлівасцю тэхнічнага персаналу і з запаўненнем вакансій (студэнцкі гарадок, гаспадарчая служба і інш.).
Па выніках пасяджэння было прынята некалькі важных рашэнняў. Поўны тэкст пастановы Савета БДПУ будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.