На пасяджэнні прысутнічалі намеснікі дэканаў факультэтаў і намеснікі дырэктараў інстытутаў па вучэбнай і выхаваўчай рабоце, адказныя за вядзенне старонак інстытутаў і факультэтаў на сайце БДПУ і ў сацыяльных сетках.
А.І.Жук адзначыў, што пытанні інфармацыйнай палітыкі сёння маюць асаблівую важнасць, паколькі за апошнія гады сусветная інфармацыйная прастора карэнным чынам змянілася. Найбольш важнымі кампанентамі інфармацыйнай палітыкі БДПУ з’яўляюцца: матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, інфармацыйная бяспека, інфармацыйныя пляцоўкі, уключанасць навучэнцаў і супрацоўнікаў у інфармацыйную прастору ўніверсітэта.
З асноўным дакладам выступіла прарэктар па вучэбнай рабоце Вераніка Валер’еўна Радыгіна. Дакладчык адзначыла, што ў БДПУ вядзецца значная работа па ўдасканаленні інфармацыйнай палітыкі. Для гэтага ўніверсітэт забяспечаны неабходным матэрыяльным абсталяваннем, у тым ліку камп’ютарамі, манаблокамі, ноўтбукамі, праектарамі і інш. (амаль 2100 адзінак). У 2022–2023 гг. 18 камп’ютарных класаў абсталяваны новай тэхнікай, закуплены і ўстаноўлены амаль 250 камп’ютараў для вучэбных аўдыторый. Асноўныя функцыі па забеспячэнні кібербяспекі ўскладзены на цэнтр развіцця інфармацыйных тэхналогій.
Звесткі пра вучэбную, навуковую, выхаваўчую, ідэалагічную і інш. дзейнасць БДПУ афіцыйна прадстаўлена на наступных інфармацыйных пляцоўках:
“BКонтакте – БГПУ им. Максима Танка” (21 тыс. падпісчыкаў);
“Instagram – БГПУ им. М. Танка” (5,7 тыс. падпісчыкаў);
“Oдноклассники – БГПУ имени Максима Танка” (каля 630 падпісчыкаў);
“Facebook – Бгпу Максима Танка” (4,9 тыс. падпісчыкаў);
“YouTube – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка” (22,1 тыс. падпісчыкаў);
“Telegram – БГПУ | Белорусский государственный педагогический университет имени Максима Танка” (5,4 тыс. падпісчыкаў);
газета “Настаўнік” з укладкай на афіцыйным сайце БДПУ (nastaunik.bspu.by; тыраж 200 экз.).
Асноўнай афіцыйнай інфармацыйнай пляцоўкай універсітэта з’яўляецца інтэрнэт-партал БДПУ, які размяшчаецца на даменным імені BSPU.BY. У склад партала ўваходзяць дванаццаць сайтаў факультэтаў і інстытутаў, а таксама звыш 35 старонак структурных падраздзяленняў БДПУ. У 2023 г. партал наведала звыш 410 тыс. чалавек. Вынікі праведзенага апытання супрацоўнікаў сведчаць, што навіны на афіцыйным сайце чытаюць 83,4 % рэспандэнтаў.
У 2022 г. інтэрнэт-партал БДПУ стаў прызёрам у намінацыі “За лепшую адаптацыю да мабільных прылад” II міжнароднага конкурсу сайтаў адукацыйных арганізацый вышэйшай і дадатковай прафесійнай адукацыі, які праводзіўся Еўразійскай асацыяцыяй педагагічных універсітэтаў.
Асноўнымі кірункамі ўдасканалення інфармацыйнай палітыкі БДПУ з’яўляюцца: больш актыўнае пашырэнне звестак аб БДПУ ў сацыяльных сетках, калабарацыя сацыяльных сетак структурных падраздзяленняў, далучэнне супрацоўнікаў універсітэта да папулярызацыі ў інтэрнэт-прасторы дзейнасці БДПУ.
Поўны тэкст пастановы будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.