З інфармацыяй “Аб выніках прыёмнай кампаніі 2023 года і задачах па яе ўдасканаленні ў 2024 годзе” выступіў першы намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі Віталій Альгімантавіч Йоцюс. Дакладчык адзначыў, што прыёмная кампанія 2023 г. прайшла на высокім арганізацыйным узроўні.
Вынікам работы прыёмнай камісіі БДПУ стала выкананне планаў прыёму па дзённай (890 чалавек) і завочнай (275 чалавек) формах навучання за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
Усяго ў 2023 годзе ў БДПУ было пададзена 1330 заяў ад абітурыентаў на дзённую бюджэтную і 495 заяў на завочную бюджэтную формы навучання, што сведчыць пра высокую запатрабаванасць прапанаваных спецыяльнасцей.
Найбольш высокая конкурсная сітуацыя на бюджэтныя месцы адзначалася на спецыяльнасцях “Псіхалогія” (5,5 чал. на месца), “Арганізацыя і кіраванне фізічнай культурай, спортам і турызмам” (5,4 чал.), “Мастацкая адукацыя” (3,4 чал.), “Гістарычная адукацыя” (3 чал.).
Найвышэйшыя прахадныя балы склаліся на наступных спецыяльнасцях дзённай формы атрымання адукацыі: “Псіхалогія” (361 бал), “Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя” (335 балаў), “Арганізацыя і кіраванне фізічнай культурай, спортам і турызмам” (334 балы). На спецыяльнасці філалагічнага факультэта “Філалагічная адукацыя (Беларуская мова і літаратура)”, “Філалагічная адукацыя (Беларуская мова і літаратура. Замежная мова)”, “Філалагічная адукацыя (Руская мова і літаратура)”, “Філалагічная адукацыя (Руская мова і літаратура. Замежная мова)” былі залічаны толькі тыя абітурыенты, якія валодалі льготамі на паступленне без іспытаў (медалісты і ўладальнікі дыпломаў УССА з адзнакай, выпускнікі педагагічных класаў).
Склад абітурыентаў, залічаных у БДПУ, характарызуецца высокімі якаснымі паказчыкамі: 69 медалістаў, 92 уладальнікі дыпломаў з адзнакай, 221 выпускнік гімназій і ліцэяў, 196 выпускнікоў профільных класаў педагагічнай скіраванасці.
На навучанне на ўмовах аплаты ў 2023 г. у БДПУ было выдзелена 965 месцаў, з якіх на дзённую форму навучання – 395, на завочную форму навучання – 570. Усяго ад абітурыентаў паступіла 1204 заявы на навучанне на ўмовах аплаты.
У цэлым выкананне кантрольных лічбаў прыёму, а таксама якасны склад абітурыентаў у 2023 г. сведчаць аб высокім попыце на адукацыю ў БДПУ з боку абітурыентаў.
Атрыманыя вынікі сталі магчымымі дзякуючы сістэмнай прафарыентацыйнай рабоце і мерах па павышэнні прэстыжу педагагічнай прафесіі. Рэктаратам, інстытутамі і факультэтамі выкарыстоўваліся разнастайныя метады правядзення прафарыентацыйнай работы: выступленні студэнтаў і выкладчыкаў перад школьнікамі ў рамках “Дзён адчыненых дзвярэй” у анлайн-фармаце, “Зорнага паходу”, падчас правядзення заключнага этапу ўніверсітэцкай інтэрнэт-алімпіяды, педагагічнай практыкі. Да гэтага напрамку работы актыўна падключыліся студэнты завочнай формы навучання. Сумесная работа факультэтаў, прыёмнай камісіі і прэс-службы вялася ў сацыяльных сетках БДПУ і на Youtube-канале ўніверсітэта. Адзначаюцца станоўчыя вынікі работы філіялаў кафедраў універсітэта па арыентацыі навучэнцаў на выбар педагагічнай прафесіі.
Падводзячы вынікі абмеркавання, старшыня Савета Аляксандр Іванавіч Жук адзначыў, што разгледжанае пытанне мае асаблівае значэнне для ўніверсітэта, паколькі ад таго, наколькі ўдала праведзена прыёмная кампанія, у многім залежыць і якасць падрыхтоўкі педагагічных кадраў.
У апошнія гады было шмат зроблена па ўдасканаленні прафарыентацыйнай працы, аднак калектыву БДПУ трэба думаць пра перспектыву, неабходна прапаноўваць і ўкараняць новыя падыходы ў працы з абітурыентамі, пашыраць узаемадзеянне з установамі адукацыі, якія з’яўляюцца базамі для праходжання практык, у якіх адкрыты філіялы кафедраў і педагагічныя класы.
Па выніках пасяджэння было прынята некалькі важных рашэнняў. Поўны тэкст пастановы Савета БДПУ будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.