Пра значнасць моманту сведчыў і непадробны інтарэс, які праявілі да падзеі аташэ па культуры Амбасады Італьянскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Крысціна Скьявон, кіраўнік праекта ЕС «MOST», які ажыццяўляецца Інстытутам імя Гётэ ў Мінску, доктар Клаус Байер, дырэктар італьянскай асацыяцыі “PUER” Франчэска Раймондзі, прадстаўнікі Рэгіянальнага ўпраўлення сярэдняй школьнай адукацыі Тасканы, а таксама даўні сябар БДПУ – каардынатар дагавора аб супрацоўніцтве з боку Фларэнтыйскага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесар Нікола Комада.
Урачыстае адкрыццё пачалося з цырымоніі перарэзвання чырвонай стужкі, якую ажыццявілі два прафесары – Аляксандр Іванавіч Жук і Нікола Комада. Удзельнікаў святочнага пасяджэння прывітала дырэктар ІПКіП БДПУ І. У. Шасцітка. З гісторыяй развіцця кантактаў паміж двума ўніверсітэтамі, якая пачалася ў 2011 г. з падпісання дагавора аб навуковым і культурным супрацоўніцтве, працягвалася ў зладжанай працы каардынатараў – прафесара Ніколы Комады і дацэнта Галіны Віктараўны Гатальскай, напаўнялася зместам падчас візітаў і стажыровак, чытання лекцый і правядзення майстар-класаў, у публікацыях па выніках сумесных даследаванняў і ва ўдзеле ў міжнародных канферэнцыях і фестывалях, прысутных азнаёміла намеснік дырэктара ІПКіП па навукова-метадычнай рабоце В.В. Радыгіна.
Затым да італьянскіх партнёраў звярнуўся рэктар БДПУ А.І. Жук:
– Падзея, сведкамі якой мы ўсе сталі, вельмі значная для іміджу нашага ўніверсітэта ў сувязі з уступленнем Беларусі ў Балонскі працэс. Сёння БДПУ мае 95 дагавораў з універсітэтамі і арганізацыямі 22 краін свету. У нас паспяхова працуюць нацыянальныя цэнтры мовы і культуры, а таксама цэнтр псіхалагічнай дапамогі замяшчаючым сем’ям (адкрыты пры падтрымцы італьянскай асацыяцыі PUER). У той жа час БДПУ і сам з’яўляецца ініцыятарам стварэння цэнтраў беларускай мовы і культуры ва ўніверсітэтах-партнёрах – у Літоўскім эдукалагічным, Еўразійскім нацыянальным педагагічным імя Гумілёва (Казахстан), Бакінскім славянскім (Азербайджанская Рэспубліка).
Што да Беларуска-італьянскага адукацыйнага цэнтра, то мы вызначылі наступныя напрамкі яго дзейнасці. Першы – вывучэнне рускай мовы як замежнай з выдачай адпаведнага сертыфіката міжнароднага ўзору; арганізацыя тэсціравання з вызначэннем узроўню ведаў. Другі – вывучэнне беларускімі студэнтамі, выкладчыкамі і школьнікамі італьянскай мовы. Трэці – сумесная работа ў рамках праекта “Запрошаны прафесар”. Увогуле, магчымасці Беларуска-італьянскага адукацыйнага цэнтра, на мой погляд, бязмежныя. І ў плане дадатковай адукацыі дарослых, і для арганізацыі міжнародных стажыровак, і ў рамках ажыццяўлення абмену выкладчыкамі і студэнтамі.
Аташэ па культуры Амбасады Італьянскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Крысціна Скьявон перадала прывітанне ад Пасла Італьянскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Стэфана Бьянкі: “Ён выказаў сваю зацікаўленаць і радасць з нагоды адкрыцця ў БДПУ Беларуска-італьянскага адукацыйнага цэнтра. Гэтая падзея асабліва важная яшчэ і таму, што праз некалькі месяцаў нашы краіны будуць адзначаць 25-я ўгодкі наладжвання дыпламатычных стасункаў, да таго ж 2017 г. абвешчаны Годам італьянскай культуры ў Рэспубліцы Беларусь. У сувязі з гэтым наша Амбасада плануе ўмацоўваць і развіваць многія аспекты сваёй дзейнасці, сярод якіх важнае месца займае адукацыйны”.
Кіраўнік праекта ЕС «MOST», які ажыццяўляецца Інстытутам імя Гётэ ў Мінску, доктар Клаус Байер пажадаў цэнтру ўсяго самага найлепшага і запрасіў да далейшага ўдзелу ў міжнародным праекце. Дырэктар італьянскай асацыяцыі “PUER” Франчэска Раймондзі выказаў спадзяванне, што створаны Беларуска-італьянскі адукацыйны цэнтр – гэта тая структура, якая паслужыць умацаванню міжнародных сувязяў, развіццю супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, працягне гісторыю знаёмства з італьянскай культурай. Каардынатар дагавора паміж БДПУ і Фларэнтыйскім дзяржаўным універсітэтам прафесар Нікола Комада прызнаўся: “У БДПУ я адчуваю сябе як дома. Асабліва ў гэтым цэнтры, бо мы з дырэктарам Ірынай Уладзіміраўнай не раз абмяркоўвалі, як ён павінен выглядаць і што будзе знаходзіцца ў яго бібліятэцы. Так з’явілася ідэя прывезці ў Мінск адну з лепшых італьянскіх энцыклапедый. Гэтае шматтомнае выданне – мой асабісты падарунак цэнтру”.
Намеснік Генеральнага дырэктара Рэгіянальнага ўпраўлення сярэдняй школьнай адукацыяй Тасканы Лаура Скапета падкрэсліла, што з энтузіязмам накіравалася ў Беларусь і сустрэла тут надзвычайную гасціннасць. Спадарыня Скапета ацаніла візіт у БДПУ як вельмі важны, бо даведалася пра магчымасці, якія адкрываюцца дзякуючы двухбаковаму супрацоўніцтву.
Урачыстае адкрыццё беларуска-італьянскага цэнтра адбылося. Прысутныя давалі адказы на пытанні журналістаў, фатаграфаваліся, рабілі запісы ў Кнізе ганаровых гасцей – і разыходзіліся па справах. Аднак з цвёрдым намерам: вярнуцца сюды зноў, каб спраўдзіць запланаванае і задуманае.
P.S. Пасля заканчэння зацікаўленай размовы ў Беларуска-італьянскім адукацыйным цэнтры прафесар Нікола Комада прачытаў слухачам ІПКіП спецыяльнасці перападрыхтоўкі “Псіхалогія сямейных адносін” лекцыю пра распаўсюджванне ідэй здаровага харчавання і здаровага ладу жыцця, а Крысціна Скьявон, аташэ па культуры Амбасады Італьянскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, накіравалася да студэнтаў-філолагаў, для якіх правяла заняткі па італьянскай мове.

WI-FI




















