З прывітальным словам да прыстуных звярнуўся рэктар БДПУ А.І.Жук. Аляксандр Іванавіч адзначыў, што “стварэнне культурна-выхаваўчага асяроддзя – важны напрамак дзейнасці нашага ўніверсітэта, які не толькі рыхтуе спецыяліста, але і выхоўвае гарманічную асобу. І ў гэтым працэсе менавіта тэатральнае мастацтва выступае важным сродкам духоўнага развіцця будучага педагога, фарміравання яго эстэтычных ідэалаў, грамадзянскіх і маральных пазіцый. Таму сёння мы зноў рады вітаць у сценах нашай установы калектыў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Дазвольце ад імя супрацоўнікаў і студэнтаў БДПУ выказаць удзячнасць кіраўніцтву тэатра і яго акцёрскаму складу за магчымасць далучыцца да высокага мастацтва”.
Сваё выступленне А.І. Жук завяршыў думкай пра тое, што “прафесія настаўніка сугучная прафесіі акцёра: сапраўднаму педагогу проста неабходна валодаць выразнай мовай, асновамі сцэнічнага майстэрства, каб зацікавіць і захапіць сваіх вучняў”.
Ва ўрачыстым адкрыцці “Купалаўскага тыдня ў БДПУ” таксама прынялі ўдзел першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Анатольеўна Старавойтава і мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікалай Мікалаевіч Пінігін.
Затым слова ўзялі артысты – выканаўцы роляў у спектаклі «Вечар» (пастаноўка рэжысёра Валерыя Раеўскага па аднайменнай п'есе Аляксея Дударава). Залішне будзе казаць, што гледачы былі ў захапленні ад сцэнічнай дзеі, суперажывалі героям спектакля, іх уменню радавацца кожнаму новаму дню, удзячнасці за магчымасць жыць, адчуваць...
Увечары адбылася творчая сустрэча студэнтаў і выкладчыкаў з акцёрамі, якія выконвалі галоўныя ролі ў спектаклі: народным артыстам СССР, народным артыстам Беларусі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі Генадзем Аўсяннікавым; народнай артысткай Беларусі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі Зінаідай Зубковай і Заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Падабедам.
У цёплай сяброўскай атмасферы акцёры адказалі на пытанні студэнтаў, паразважалі на хвалюючыя, актуальныя тэмы, выказалі свае меркаванні наконт напрамкаў развіцця сучаснага тэатра, далі некалькі слушных парад будучым педагогам.
Нагадаем, што “Купалаўскі тыдзень” працягваецца да 15 лютага. У актавай зале нас чакае прагляд яшчэ 3 спектакляў: “Паўлінка”, “Шабаны”,“Каханне як мілітарызм”. Усе яны пачынаюцца а 14-й гадзіне.
Уваход па запрашальных білетах.