Па запрашэнні рэктара Цяньцзіньскага ўніверсітэта замежных моў прафесара Сю Гана дэлегацыя БДПУ наведала Кітайскую Народную Рэспубліку. У склад дэлегацыі увайшлі начальнік міжнароднага ўпраўлення Святлана Міхайлаўна Кабачэўская і загадчык кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта Дзмітрый Васільевіч Дзятко.
Цяньцзіньскі ўніверсітэт замежных моў (ЦУЗМ) быў створаны ў 1964 годзе і зараз з’яўляецца адной з найбольш прэстыжных вышэйшых навучальных устаноў гуманітарнага профілю ў Кітаі. Універсітэт прапануе 30 праграм па больш чым 20 спецыяльнасцях (англійская, японская, карэйская, нямецкая, французская, іспанская, руская, арабская, італьянская, партугальская, кітайская мова і інш.) для бакалаўраў, магістрантаў і аспірантаў.
Акрамя таго, С.М. Кабачэўская і Д.В. Дзятко паўдзельнічалі ў фестывалі нацыянальных культур, які праводзіўся ў цэнтры міжнароднага супрацоўніцтва ЦУЗМ. З беларускай дэлегацыяй сустрэліся рэктар кітайскага ўніверсітэта, прафесар Сю Ган і прарэктар ЦУЗМ, прафесар Ван Міньюй.
У ходзе форума прадстаўнікі ўніверсітэта правялі сустрэчы з галоўным навуковым супрацоўнікам Інстытута сацыяльнага развіцця Цэнтра даследаванняў па пытаннях развіцця пры Дзяржсавеце КНР Ванам Сяньцзю, загадчыкам аддзела Інстытута Расіі, Усходняй Азіі Кітайскай акадэміі грамадскіх навук Чжаа Хуэйжун, выкладчыкамі і студэнтамі ўніверсітэта.
Асабліва плённай стала сустрэча з дырэктарам Інстытута еўрапейскіх моў і культур ЦУЗМ Лі Інін і прафесарам факультэта рускай мовы Цзян Ямін, у ходзе якой былі абмеркаваны далейшыя шляхі супрацоўніцтва паміж БДПУ і ЦУЗМ у сферы філалагічнай адукацыі, сумесная праца над вучэбнымі планамі і сумесныя навуковыя праекты. Прынята рашэнне, што ў верасні 2017 года Цяньцзіньскім універсітэтам замежных моў будзе пачата падрыхтоўка спецыялістаў у галіне беларускай мовы і літаратуры. На першы курс плануецца набраць 120 абітурыентаў, якія ў будучым змогуць паглыбіць свой прафесійны ўзровень у БДПУ.

WI-FI




















