Электроннае выданне складаецца з трох частак: “Літаратуразнаўчы дэбют”, “Творчы дэбют”, “Перакладчыцкі дэбют”. У першую ўвайшлі навуковыя артыкулы сяброў СНДЛ “Сучасны літаратурны працэс у рэцэпцыі будучых настаўнікаў”. Другая ўключае эсэ ўдзельнікаў конкурсу “Маладыя гады, маладыя жаданні...”, арганізаванага на базе СНДЛ да 125-годдзя М. Багдановіча. У трэцяй прадстаўлены пераклады з англійскай мовы, зробленыя студэнтамі філалагічнага факультэта. Акрамя студэнцкіх работ, у зборніку змешчаны матэрыялы, падрыхтаваныя навучэнцамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска, Мазыра і Лунінца.
– Для некаторых удзельнікаў электронная публікацыя ў зборніку аказалася не першай, – адзначыла навуковы кіраўнік студэнцкай лабараторыі дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры Наталля Віктараўна Заяц. – Так, напрыклад, старшыня СНДЛ Марыя Рак апублікавала каля двух дзясяткаў артыкулаў у самых розных выданнях, уключаючы рэцэнзаваныя часопісы. Салідны спіс публікацый маюць стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў Віялета Вашчыліна, Вера Забураева, Аляксандра Краўцова і Кацярына Лапунова. Але нямала ў зборніку сапраўды дэбютных выступленняў. Першакурсніцы Крысціна Прус, Юлія Казак, Лілія Лыбка, другакурсніцы Ганна Драбеня, Уладзіслава Кабушка і многія іншыя маладыя аўтары са з’яўленнем гэтага выдання могуць смела гаварыць пра пачатак навуковага шляху, бо змешчаныя ў “Дэбюце” тэксты лічацца паўнавартаснай навуковай публікацыяй.
На пасяджэнні-прэзентацыі прысутнічалі дэкан філалагічнага факультэта, прафесар Васіль Дзянісавіч Старычонак і загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры, дацэнт Ірына Мікалаеўна Гоўзіч. Запрошаныя госці павіншавалі ўдзельнікаў лабараторыі і пажадалі, каб навуковы дэбют стаў паспяховай прыступкай да вяршынь навукі.
Чытайце таксама: