Нагадаем, што з лютага па красавік 2017 года народныя калектывы БДПУ прымаюць удзел у III этапе Мінскага гарадскога фестывалю народнай творчасці “Сузор’е”. Удзел “народных”, “узорных” каллектываў г. Мінска ў фестывале разглядаецца як пацверджанне ганаровага наймення “народны”, “узорны” пры ўмове абнаўлення рэпертуару. Па выніках праглядаў калектывам выдаецца пасведчанне аб пацверджанні ганаровага наймення.
У межах гэтага фестывалю пройдзе шэраг мерапрыемстваў (канцэртаў, спектакляў, сустрэч і інш.) на розных пляцоўках г. Мінска.
Для прагляду калектывы БДПУ прапанавалі членам журы і публіцы паўгадзінныя канцэрты ўласнай творчасці. Так, ансамбль «Ярыца» выканаў праграму пад назвай «Ад Каляд да вясны», у якой прагучалі беларускія народныя песні і музыка ў апрацоўцы заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалая Сіраты. Сярод зімовых песень можна было пачуць “Свята”, “ Вароты”, “Каляда”, “Дзе мы хадзілі”, “Мяцеліца” і інш. А да гукання вясны калектыў падрыхтаваў “Вясна, вясна ды вясёначка”, “А ўжо недалечка”, “Ой, ты вясна”, “Вясна-красна наставала” і інш. Традыцыйна і вельмі сімвалічна праграма завяршылася сваеасаблівым гімнам калектыву з аднайменнай назвай “Ярыца”.
Шостым па спісе ўдзельнікаў прагляду сваю праграму прэзентаваў ансамбль «Рэй». Гэта было цэльнае дзейства, у якім танцы змяняліся інструментальнымі кампазіцыямі, саступаючы месца беларускім народным песням, пасля зноў сцэна была аддадзена харэографам. Бліскуча выкананы “Палеская кадрыля” і гарадскі танец “Матлёт” у пастаноўцы Л. Васілені, харэаграфічная замалёўка “Скокі на лаўках”, “Верацкая маталіха” у музычнай апрацоўцы Віктара Васілені. Краналі за душу і беларускія народныя песні “Чэрэз сэнэчка” і “Пахаджала дзеванька”, якія выканала вакальнае трыа.
− Хочацца адзначыць, што прысутнічаць пад час выступлення народных калектываў БДПУ “Ярыцы” і “Рэя” стала чарговай радаснай сустрэчай з музычна-песенным і харэаграфічным багаццем зямлі беларускай, сустрэчай з майстрамі-выканаўцамі, сэрцам і душой адданымі сваёй справе па захаванні і перадачы маладым пераемнікам нацыянальных традыцый і культуры, - адзначыла начальнік цэнтра студэнцкай творчасці Алена Віктараўна Жураўская.
Вынікі конкурсу будуць вядомы на прыканцы красавіка бягучага года.

WI-FI




















