Публікацыю прэзентавалі ў кнігарні “Белкніга” у Мінску напярэдадні Дня памяці чарнобыльскай катастрофы. На яе старонках сабраны ўнікальныя архіўныя матэрыялы. У асноўным, гэта песні, якія запісваліся ў розны час, задоўга да аварыі, у вёсках, якія ўжо не існуюць на мапе Беларусі.
У кнізе змешчаны архіўныя матэрыялы, якія вылучаюцца высокім густам і прадстаўлены ўпершыню. Гэта песні тых вёсак, якія трапілі ў зону адсялення беларускага сектара адчужанасці трыццацікіламетровага радыусу ад месца катастрофы. Чатыры раёны, якія найбольш пацярпелі ад тэхнагеннай аварыі, – Брагінскі, Хойніцкі, Ельскі і Нараўлянскі. Да Чарнобыльскай аварыі на сучаснай тэрыторыі запаведніка існавалі 96 населеных пунктаў, у якіх жыло больш за 22 тысячы жыхароў. І ў кожнай вёсцы гучалі песні: у святы і будні, сумныя і жартоўныя, шчадроўкі, балады, вясельныя напевы.
− Гэтыя песні душэўныя, ад жыцця, ад маці, як кажуць у Беларусі. Яны дапамогуць адчуць увесь каларыт, усю прыгажосць нашай зямлі і нашай мовы, беларускай мовы, − выказаў сваё стаўленне да кнігі першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Уладзіміравіч Луцкі.
Запісы рабіліся яшчэ да катастрофы, калі вёскі былі жывымі, поўнымі насельнікаў. Песні былі сабраны і запісаны падчас дзесяткаў фальклорна-этнаграфічных экспедыцый 1970-80-х гадоў супрацоўнікаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, студэнтаў і выкладчыкаў філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Галоўны рэдактар выдання акадэмік НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар Аляксандр Іванавіч Лакотка, укладальнікі кнігі доктар філалагічных навук Таццяна Васільеўна Валодзіна і яе музычнай часткі кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ Наталля Генадзьеўна Мазурына сабралі ў кнізе ўнікальную песенную спадчыну, запісы фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў рэгіёну, што цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Кніга багата ілюстравана творамі народнага дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва – ручнікамі, фотаздымкамі з мясцовымі відарысамі і жыхарамі.
Вольга Віктараўна Мычко, генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, падкрэсліла, што людзям вельмі важна сёння пазбегнуць “духоўнага Чарнобыля”.
Падрыхтоўкай кнігі займаліся дзясяткі навукоўцаў і супрацоўнікаў музеяў. Усяго сабрана больш за 300, адзіных у сваім родзе, песень. Выданне ўжо атрымала перамогу ў нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі” ў намінацыі “За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны”.
Кніга стала напамінам: страшная катастрофа – у мінулым, але культура і душа народа павінна захавацца ў стагоддзях.
Больш падрабязна азнаёміцца з публікацыяй можна ў рэпартажах карэспандэнтаў АНТ і СТБ.