На выставе прадстаўлены выданні твораў пісьменніка, артыкулы з часопісаў пра жыццё і творчасць паэта. Частка экспанатаў – з фонду рэдкай кнігі БДПУ. 13 верасня 2022 года сюды прыйшлі студэнты філалагічнага факультэта. Ва ўступным слове дэкан факультэта Васіль Дзянісавіч Старычонак расказаў пра мерапрыемствы, прысвечаныя Тыдню роднай мовы, пра постаць народнага паэта Беларусі Максіма Танка.
Вядучы бібліятэкар, кандыдат філалагічных навук Генадзь Вячаслававіч Кажамякін вёў размову пра экспазіцыю выставы, гісторыю выдання некаторых кніг Максіма Танка, пра жыццё і творчасць класіка беларускай літаратуры, агульначалавечыя матывы яго творчасці. Нагадвалася пра асобныя вершы паэта, яго перакладчыцкую дзейнасць, удумлівыя і каштоўныя дзённікі «Лісткі календара», якія пісаліся да 1939 года, да часу ўз’яднання Беларусі. Студэнты з цікавасцю пазнаёміліся з экспанатамі выставы, якія садзейнічаюць фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі, паважлівага стаўлення да нацыянальнай культурнай спадчыны, гістарычнага мінулага краіны.