Урачыстае адкрыццё канферэнцыі пачалося выступленнем дэкана філалагічнага факультэта прафесара Васіля Дзянісавіча Старычонка, які адзначыў, што напярэдадні правядзення канферэнцыі наша краіна адзначала Дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства. Свята, як падкрэсліў В.Д.Старычонак, з’яўляецца ўвасабленнем павагі да Радзімы, згоды ўсяго беларускага народа, нагадвае пра сілу і векавую мудрасць беларускага народа і пацвярджае, што адзінства з’яўляецца сапраўднай нацыянальнай каштоўнасцю, якую неабходна паважаць, берагчы і абараняць.
Святочнасці мерапрыемству надало выступленне народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова”, які выканаў праграму па творах Максіма Танка “Простае шчасце людское…” і стварыў своеасаблівую, узнёслую атмасферу ў зале.
На пленарным пасяджэнні выступілі вядомыя ў Рэспубліцы і за яе межамі пісьменнікі, навукоўцы і выкладчыкі, якія раскрылі розныя аспекты асэнсавання дзейнасці Максіма Танка: прафесар кафедры беларускай і замежнай літаратуры БДПУ Тамара Мікалаеўна Тарасава, настаўнік рускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, выдатнік народнай адукацыі Беларусі Моніч Ірына Віктараўна, дацэнт кафедры педагогікі, прыватных методык і менеджменту адукацыі ДУА “Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі” Мартынкевіч Святлана Васільеўна, кандыдат філалагічных навук Кажамякін Генадзь Вячаслававіч.
У міжнародным форуме прынялі ўдзел больш за 130 літаратуразнаўцаў, культуролагаў, мовазнаўцаў, гісторыкаў і педагогаў з розных гарадоў Беларусі (Брэст, Гомель, Гродна, Мазыр, Магілёў, Віцебск, Пінск, Баранавічы) і 8 краін свету (Расіі, Азербайджана, Узбекістана, Туркменістана, Кітая і інш.).
Пасля перапынку праца працягнулася ў васьмі секцыях, дзе абмяркоўваліся творы класікаў і сучасных пісьменнікаў у літаратуразнаўчым, лінгвістычным, культуралагічным і метадычным аспектах. Адметнасцю канферэнцыі з’яўляецца арганізацыя спецыяльнай секцыі “Праблемы сучаснага літаратуразнаўства і мовазнаўства ў работах маладых даследчыкаў”, удзельнікі якой змаглі далучыцца да абмеркавання навуковых праблем сучаснага літаратуразнаўства і мовазнаўства.

WI-FI




















