Урачыстае адкрыццё канферэнцыі пачалося выступленнем дэкана філалагічнага факультэта прафесара Васіля Дзянісавіча Старычонка. З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі і пажаданнем плённай працы звярнулася прарэктар па навуковай рабоце, доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандра Валянцінаўна Пазняк. Святочнасці мерапрыемству надало выступленне народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова”, які выканаў праграму па творах Максіма Танка “Прайсці праз вернасць” і стварыў своеасаблівую, узнёслую атмасферу ў зале.
На пленарным пасяджэнні выступілі вядомыя ў Рэспубліцы і за яе межамі пісьменнікі, навукоўцы і выкладчыкі, якія раскрылі розныя аспекты асэнсавання дзейнасці Максіма Танка: лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», уладальнік медаля Францыска Скарыны, галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Анатольевіч Шніп, загадчык аддзела ўзаемасувязей літаратур Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Мікалай Уладзіміравіч Мікуліч, галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Наталля Мікалаеўна Шапран, прафесар кафедры беларускай і замежнай літаратуры БДПУ Тамара Мікалаеўна Тарасава, дэкан філалагічнага факультэта Васіль Дзянісавіч Старычонак.
У міжнародным форуме прынялі ўдзел больш за 120 літаратуразнаўцаў, культуролагаў, мовазнаўцаў, гісторыкаў і педагогаў з розных гарадоў Беларусі (Брэст, Гомель, Гродна, Мазыр, Магілёў, Віцебск, Пінск), а таксама з Расіі, Азербайджана, Грузіі, Ірака, Кітая і Украіны.
Пасля перапынку праца працягнулася ў шасці секцыях, дзе абмяркоўваліся творы класіка і сучасных пісьменнікаў у літаратуразнаўчым, лінгвістычным, культуралагічным і метадычным аспектах. Адметнасцю канферэнцыі стаў круглы стол, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння кандыдата педагагічных навук Яўгеніі Васільеўны Перавознай, якая больш за 35 гадоў працавала ў БДПУ.

WI-FI




















