На ім прысутнічалі намеснікі дэканаў факультэтаў і намеснікі дырэктараў інстытутаў па вучэбнай рабоце, загадчыкі кафедраў, кіраўнікі структурных падраздзяленняў, прадстаўнікі студэнцкага актыву і грамадскіх арганізацый. З дакладам “Аб павышэнні практыкаарыентаванасці падрыхтоўкі выпускнікоў БДПУ” выступіў прарэктар па вучэбнай рабоце Уладзімір Уладзіміравіч Шлыкаў.
На пачатку пасяджэння старшыня Савета ўніверсітэта Аляксандр Іванавіч Жук падкрэсліў, што разглядаемае пытанне з’яўляецца выключна важным, паколькі звязана з выкананнем даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па ўзмацненні практыка-арыентаванай падрыхтоўкі выпускнікоў ВНУ наогул і будучых педагогаў у прыватнасці.
У сваім выступленні У.У. Шлыкаў адзначыў, што на пасяджэннях Савета ўніверсітэта, рэктарата, саветаў інстытутаў і факультэтаў з мэтай узмацнення практычнай падрыхтоўкі выпускнікоў сістэматычна разглядаюцца пытанні ўдасканалення структуры, зместу і метадаў арганізацыі педагагічнай практыкі, стварэння ўмоў для набыцця студэнтамі вопыту выканання адукацыйнай і выхаваўчай функцый педагога. Для павышэння якасці прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў і паглыблення яе практычнага складніка да кіраўніцтва практыкай актыўна прыцягваюцца педагогі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.
Дакладчык паведаміў, што ва ўніверсітэце паспяхова арганізуецца валанцёрская практыка для студэнтаў 1-га курса, у працэсе якой выпрацоўваецца матывацыя да педагагічнай прафесіі, студэнты ўцягваюцца ў непасрэднае ўзаемадзеянне са школьнікамі, выхаванцамі дзіцячых дамоў, спецыяльных устаноў адукацыі, прымаюць удзел у сацыяльна-значных мерапрыемствах. Для ўзмацнення практычнай накіраванасці падрыхтоўкі педагагічных кадраў у 2014/2015 і 2016/17 навучальных гадах у БДПУ праведзены эксперымент па арганізацыі вучэбна-азнаямленчага педагагічнага практыкума для студэнтаў 2 курса і цьютарскае суправаджэнне іх найбольш падрыхтаванымі студэнтамі старшых курсаў. Вынікі эксперыменту, праведзенага на базе 32 гімназій і 28 сярэдніх школ г. Мінска, пацвердзілі мэтазгоднасць арганізацыі педагагічнага практыкума як сродку актуалізацыі псіхолага-педагагічных і метадычных ведаў, больш ранняга знаёмства студэнтаў з педагагічным вопытам настаўнікаў-практыкаў, актывізацыі самастойнай работы студэнтаў над вучэбна-даследчымі заданнямі практычнага характару.
Як адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч, ва ўніверсітэце вядзецца актыўная работа па арганізацыі ўзаемадзеяння з установамі-заказчыкамі кадраў з мэтай правядзення на базе ўстаноў педагагічных практык, практычных і лабараторных заняткаў. Заключаны дамовы аб узаемадзеянні з аддзеламі адукацыі спорту і турызму райвыканкамаў Мінскай вобласці і раённымі ўпраўленнямі адукацыі, спорту і турызму г. Мінска. Настаўнікі-практыкі і прадстаўнікі адміністрацыі ўстаноў адукацыі рэгулярна запрашаюцца для ўдзелу ў пасяджэннях кафедраў, саветаў інстытутаў і факультэтаў, курсавых сходаў, на якіх разглядаюцца вынікі бягучай атэстацыі, педагагічных практык і пытанні ўдасканалення практычнай падрыхтоўкі студэнтаў.
Найбольш дасведчаныя педагогі ўстаноў адукацыі, фіналісты і пераможцы конкурсаў “Настаўнік года” прыцягваюцца да ўдзелу ў выніковай атэстацыі студэнтаў, удасканалення вучэбных планаў і праграм, абмеркавання вынікаў педагагічнай практыкі, правядзення практычных і лабараторных заняткаў, майстар-класаў.
Прарэктар праінфармаваў, што за апошнія тры гады павялічылася колькасць заняткаў, праведзеных для студэнтаў спецыялістамі-практыкамі. Штогод 30–45 педагогаў-практыкаў праводзяць са студэнтамі практычныя і лабараторныя заняткі на базе ўстаноў адукацыі і ва ўніверсітэце. Інстытутамі і факультэтамі арганізавана работа па вывучэнні студэнтамі педагагічнага вопыту работнікаў устаноў адукацыі ў працэсе правядзення вебінараў, навукова-метадычных канферэнцый і сустрэч з вопытнымі работнікамі ўстаноў адукацыі. У 2016/2017 навучальным годзе колькасць такіх мерапрыемстваў павялічылася ў 3 разы ў параўнанні з папярэднім навучальным годам.
Істотны ўклад у забеспячэнне практыка-арыентаванай падрыхтоўкі выпускнікоў універсітэта ўносяць базы 42 філіялаў кафедраў. Вырасла колькасць студэнтаў, якія праходзяць практыку на базах філіялаў: у 2014/2015 навучальным годзе – 460 студэнтаў, у 2015/2016 навучальным годзе – 665 студэнтаў, у 2016/2017 навучальным годзе – 785 студэнтаў. Кафедрамі актыўна выкарыстоўваюцца базы філіялаў кафедраў у якасці эксперыментальных пляцовак пры падрыхтоўцы курсавых і дыпломных работ. За апошнія два гады больш чым у 2 разы павялічана колькасць выкананых на базах філіялаў кафедраў курсавых работ і ў 3 разы – колькасць дыпломных работ. У 2016/2017 навучальным годзе на базах устаноў адукацыі ўсяго было выканана 98 дыпломных работ.
З мэтай узмацнення практычнай накіраванасці падрыхтоўкі выпускнікоў універсітэта найбольш падрыхтаваныя студэнты старшых курсаў праводзяць факультатыўныя і дадатковыя заняткі са школьнікамі. У інстытутах і на факультэтах вядзецца праца па прыцягненні студэнтаў да цьютарскай дзейнасці. Так, у бягучым навучальным годзе колькасць цьютараў павялічылася больш чым у 5 разоў у параўнанні з папярэднім навучальным годам і склала 229 чалавек.
Падводзячы вынікі абмеркавання пытання, старшыня Савета БДПУ А.І. Жук адзначыў, што ў інстытутах і на факультэтах маецца рэзерв для далейшага ўдасканалення практыка-арыентаванай падрыхтоўкі студэнтаў. Так, сумесна з прадстаўнікамі ўстаноў адукацыі неабходна арганізаваць распрацоўку і ўдасканаленне вучэбных планаў і праграм па вучэбных дысцыплінах. Пры стварэнні адукацыйных стандартаў пакалення 3+ і вучэбных планаў спецыяльнасцей мэтазгодна спланаваць правядзенне бесперапыннай педагагічнай практыкі, пачынаючы з першага курса, арганізаваць вывучэнне педагогікі і прыватных методык з улікам новай структуры педагагічнай практыкі і ўнесці змены ў змест праграм гэтых дысцыплін з мэтай уключэння сучаснага практыка-арыентаванага кантэнту і тэарэтычнай падрыхтоўкі студэнтаў да праходжання практыкі на 2-м курсе.
Акрамя таго, варта вызначыць аптымальны пералік практыка-арыентаваных дысцыплін дзяржаўнага і вузаўскага кампанентаў вучэбных планаў, пашырыць тэматыку дысцыплін па выбары студэнта з улікам іх практычнай значнасці для прафесійнай дзейнасці выпускнікоў, актывізаваць працу па выкарыстанні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій пры чытанні лекцыі і распрацоўцы вучэбна-метадычных практыка-арыентаваных матэрыялаў, якія ўзмацняюць матывацыю студэнтаў да самастойнай вучэбна-даследчай дзейнасці.
На думку рэктара, неабходна больш актыўна выкарыстоўваць базы філіялаў кафедраў для апрабацыі дыстанцыйных формаў навучання і сеткавага ўзаемадзеяння з мэтай фарміравання інфармацыйна-камунікатыўных кампетэнцый спецыялістаў; узмацніць сумесную працу выкладчыкаў і супрацоўнікаў баз філіялаў кафедраў над практыка-арыентаванымі праектамі для ўдзелу ў конкурсах на атрыманне грантаў; актывізаваць падрыхтоўку дыпломных работ з апрабацыяй на базах устаноў адукацыі.
У цэлым Савет універсітэта прызнаў, што ў БДПУ праводзіцца мэтанакіраваная арганізацыйная і метадычная работа па ажыццяўленні практыка-арыентаванай падрыхтоўкі выпускнікоў універсітэта. Па ініцыятыве кіраўніцтва БДПУ было прынята некалькі важных рашэнняў. Так, прарэктару па вучэбнай рабоце даручана падрыхтаваць прапановы ў Міністэрства адукацыі па ўвядзенні практыкі на І і ІІ курсах па педагагічных спецыяльнасцях ва ўсіх ВНУ, якія рыхтуюць педагагічныя кадры, а таксама разгледзець дадзенае пытанне на пасяджэнні ВМА па педагагічнай адукацыі. Дырэктарам інстытутаў, дэканам факультэтаў пры распрацоўцы адукацыйных стандартаў 3+ і вучэбных планаў спецыяльнасцей даручана спланаваць арганізацыю валанцёрскай практыкі на І курсе і педагагічнай практыкі на ІІ курсе, а таксама спланаваць пачатак вывучэння педагогікі і прыватных методык да праходжання педагагічнай практыкі на ІІ курсе і арганізаваць удзел спецыялістаў-практыкаў у распрацоўцы і рэцэнзаванні вучэбных планаў і праграм. У вучэбных планах спецыяльнасцей павінен быць пашыраны пералік практыка-арыентаваных дысцыплін дзяржаўнага і вузаўскага кампанентаў, а таксама тэматыка дысцыплін па выбары студэнта з улікам іх практычнай значнасці для сістэмы адукацыі. Дэканы факультэтаў і дырэктары інстытутаў павінны забяспечыць распрацоўку сумесных практыка-арыентаваных праектаў супрацоўнікаў універсітэта і ўстаноў адукацыі для ўдзелу ў конкурсах на атрыманне грантаў, якія праводзяцца камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама і ўпраўленнем адукацыі Мінаблвыканкама, а таксама сумесную працу выкладчыкаў і студэнтаў завочнай формы атрымання адукацыі, якія працуюць ва ўстановах адукацыі, над практыка-арыентаванымі вучэбна-даследчымі праектамі і падрыхтоўку публікацый па выніках працы над праектамі.
Загадчыкам кафедраў даручана: распрацаваць комплексныя практыка-арыентаваныя заданні навучальнага і кантралюючага характару, якія ўлічваюць спецыфіку вучэбных дысцыплін спецыяльнасцей і накіраваны на фарміраванне прафесійных кампетэнцый будучых настаўнікаў; распрацаваць тэматыку і змест дысцыплін па выбары студэнтаў і факультатываў, актуальнасць якіх вызначана патрэбамі адукацыйнага працэсу ўстаноў адукацыі і якія забяспечваюць павышэнне практычнай падрыхтоўкі выпускнікоў; дапоўніць вучэбныя праграмы дысцыплін вучэбнымі матэрыяламі, якія дэманструюць практычнае значэнне вывучаемых дысцыплін для будучай прафесійнай дзейнасці выпускнікоў; актуалізаваць практыку выканання вучэбна-даследчых заданняў міні-групамі студэнтаў па тэматыцы, якая мае практычнае значэнне для ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі; забяспечыць пашырэнне практыка-арыентаванай тэматыкі і павелічэнне колькасці дыпломных работ, падрыхтоўка і апрабацыя якіх ажыццяўляецца на базах філіялаў кафедраў; да пачатку новага навучальнага года размясціць пашпарты філіялаў кафедраў на адпаведных тэматычных старонках кафедраў сайтаў факультэтаў і інстытутаў, рэгулярна актуалізаваць інфармацыю аб дзейнасці філіялаў кафедраў.
Поўны тэкст пастановы Савета БДПУ будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.