На пасяджэнні прысутнічалі намеснікі дэканаў факультэтаў і дырэктараў інстытутаў па вучэбнай рабоце, прадстаўнікі студэнцкага актыву і грамадскіх арганізацый.
У пачатку пасяджэння А.І.Жук адзначыў, што ва ўніверсітэце праводзіцца мэтанакіраваная работа па пашырэнні, дыверсіфікацыі і ўдасканаленні адукацыйных праграм і паслуг для дарослых з мэтай рэалізацыі прынцыпу “адукацыя праз усё жыццё”. Вынікі гэтай работы важныя і для іншых інстытутаў і факультэтаў БДПУ.
З асноўным дакладам выступіла дырэктар Iнстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Ірына Уладзіміраўна Шасцітка. Яна адзначыла, што прыярытэтным кірункам дзейнасці інстытута з’яўляецца ўдасканаленне зместу адукацыі, вучэбна-метадычнага забеспячэння, метадаў і формаў арганізацыі адукацыйнага працэсу і іншых паслуг.
Асноўнымі напрамкамі адукацыйнай дзейнасці інстытута з’яўляюцца перападрыхтоўка, павышэнне квалiфiкацыi, стажыроўка, давузаўская падрыхтоўка, адукацыйныя курсы. За апошнія 3 гады навучанне ў інстытуце прайшлі больш за 37500 слухачоў. З 2016 г. колькасць слухачоў павялічылася ў 1,6 раза. Штогод у сярэднім навучаюцца каля 12,5 тыс. чалавек. Даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці у параўнанні з 2016 г. павысіліся ў 3,5 раза.
Ва ўмовах сучаснай эпідэміялагічнай сітуацыі ў слухачоў павышэння кваліфікацыі, стажыроўкі і адукацыйных курсаў запатрабаваны дыстанцыйны фармат правядзення вучэбных заняткаў: так, доля online-заняткаў у 2021 г. склала 53%. Адукацыйныя праграмы стажыроўкі адрозніваюцца вузканакіраванасцю і шырокім выбарам умоў навучання. Штогод пералік і змест вучэбных праграм павышэння кваліфікацыі, стажыроўкі і адукацыйных курсаў абнаўляюцца амаль на 50%.
У інстытуце ажыццяўляецца сістэматычная работа па павелічэнні і якасным паляпшэнні кадравага патэнцыялу кафедраў, пра што сведчыць 100%-е выкананне праграмы “Кадры 2016–2020”: пяць супрацоўнікаў абараніліся і атрымалі вучоную ступень кандыдата навук; тры супрацоўнікі закончылі магістратуру, чатыры – навучаюцца на другой ступені вышэйшай адукацыі, адзiн – у аспірантуры.
У інстытуце кожныя 4 гады абнаўляюцца адукацыйныя стандарты па спецыяльнасцях перападрыхтоўкі (у 2020/2021 навучальным годзе абноўлена 17 адукацыйных стандартаў і 156 вучэбных праграм). Штогод абнаўляюцца вучэбныя праграмы павышэння кваліфікацыі, стажыроўкі і адукацыйных курсаў. У СДА MOODLE размешчаны вучэбна-метадычныя матэрыялы па 105 вучэбных дысцыплінах перападрыхтоўкі, а таксама 15 комплексных выніковых тэстаў, распрацаваныя выкладчыкамі кафедраў інстытута. За апошнiя тры гады прафесарска-выкладчыцкім складам ІПКіП апублікавана 68 вучэбна-метадычных дапаможнікаў, рабочых сшыткаў для арганізацыі адукацыйнага працэсу. Распрацаваны, зацверджаны і выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі 3 ВМК па рускай мове i літаратуры, гісторыі Беларусі.
У інстытуце распрацавана сістэма электроннага забеспячэння планавання і суправаджэння адукацыйнага працэсу з выкарыстаннем сучасных ІТ-інструментаў (Googlе-табліцы і Googlе-формы), якія дазваляюць эфектыўна складаць і карэкціраваць расклад заняткаў, камплектаваць новыя вучэбныя групы, мэтанакіравана размяркоўваць аўдыторны фонд, улічваць педагагічную нагрузку ПВС, выяўляць патрэбы па пражыванні слухачоў на перыяд навучання ў інтэрнаце і гасцініцы. Значнае месца адводзіцца інфармацыйна-рэкламнай рабоце ў СМІ, сацсетках і мэсэнджарах. Інстытут прадстаўляе адукацыйныя паслугі ў пяці акаўнтах у шасці сацыяльных сетках. Са студзеня 2021 г. агульная колькасць падпісчыкаў у сацыяльных сетках і мэсэнджарах значна павялічылася (у тым ліку ў Telegram-канале – у 18 разоў) і складае каля 10 тыс. чалавек.
Фарміраванню станоўчага іміджу інстытута садзейнічае істотнае паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы. За апошнія 3 гады значна абноўлены і забяспечаны сучасным абсталяваннем 15 аўдыторый; зроблены сучасны рамонт ва ўсіх памяшканнях гасцініцы, добраўпарадкавана паркоўка для аўтатранспарту.
Разам з тым асобныя аспекты адукацыйнага працэсу ІПКіП патрабуюць далейшага паляпшэння. Неабходна пашыраць і развіваць міжнародныя навуковыя і адукацыйныя кантакты, удасканальваць інфармацыйную работу з патэнцыяльнымі слухачамі, актывізаваць работу ПВС па распрацоўцы вучэбна-метадычных матэрыялаў для рэалізацыі вучэбных праграм у online- і дыстанцыйным фармаце, а таксама для размяшчэння ў СДА MOODLE.
Падводзячы вынікі абмеркавання пытання, А.І.Жук адзначыў сістэмнасць і эфектыўнасць мэтанакіраванай работы ІПКіП па павышэнні фінансавых паказчыкаў дзейнасці і ўдасканаленні якасці дадатковай адукацыі дарослых.
Па выніках пасяджэння была прынята пастанова Савета ўніверсітэта, у якой вызначаны канкрэтныя задачы па развіцці дадатковай адукацыі дарослых у БДПУ. Поўны тэкст пастановы будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.